Юныя футбалісты – чэмпіёны вобласці

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Са студзеня па сакавік 2019 года ў горадзе Масты праходзілі спаборніцтвы першынства Гродзенскай вобласці па міні-футболе сярод юнакоў 2005 года нараджэння.

У спаборніцтвах прымалі ўдзел сем каманд з шасці рэгіёнаў Гродзеншчыны.

Каманда Дзятлаўскай ДЮСШ прайшла турнір без паражэнняў і заслужана стала чэмпіёнам вобласці.

На першым этапе футбольнай сустрэчы дзятлаўчане сыгралі два матчы. У першай гульні з лёгкасцю перамаглі мастоўскую каманду “Белкард” з лікам 4:1, у другой гульні сустрэліся з камандай ДЮСШ з Ваўкавыска – і чарговая перамога. Канчатковая розніца забітых і прапушчаных мячоў гэтага матча дасягнула дзевяці галоў – 13:4. Тым самым футбалісты Дзятлаўскай ДЮСШ атрымалі пуцёўку ў паўфінал.

У час другога этапу спаборніцтваў адбыліся чарговыя спартыўныя сустрэчы. У ходзе іх каманда Дзятлаўскай ДЮСШ правяла два матчы. У першым сустрэлася з камандай ДЮСШ з Навагрудка. Лік 6:1 вызначыў вынік гэтай гульні – яшчэ адна перамога ў футбалістаў Дзятлаўшчыны.

Яскрава прайшла ў гэты дзень і другая гульня нашых спартсменаў з камандай “Фаварыт” СДЮШОР горада Навагрудка. Лік 9:1 стаў вызначальным. Зорная перамога – чарговае дасягненне дзятлаўчан.

У ходзе фінальнага этапу першынства вобласці па міні-футболе сустрэліся самыя моцныя каманды турніру.

У гэты дзень каманда Дзятлаўскай ДЮСШ сыграла матч з ашмянскай камандай “Fair play”. Забіць у свае вароты дзятлаўчане саперніку не дазволілі. Лік 5:0 стаў выніковым.

У фінальным матчы за званне чэмпіёна Гродзенскай вобласці па міні-футболе сустрэліся каманда Дзятлаўскай ДЮСШ і каманда ДЮСШ са Шчучына.

Ва ўпартай барацьбе перамогу атрымала каманда дзятлаўчан. З лікам 4:2 скончылася апошняя гульня абласных спаборніцтваў па міні-футболе.

Такім чынам, футбалістам Дзятлаўскай ДЮСШ удалося апраўдаць свае надзеі на лідарства, яны сталі пераможцамі спаборніцтваў і папоўнілі скарбонку спартыўнага майстэрства Дзятлаўшчыны.

Неабходна адзначыць, для футбольнай каманды Дзятлаўскай ДЮСШ зімовы сезон першынства вобласці прайшоў вызначальна: сустрэчы прайшлі без паражэнняў, былі выйграны ўсе гульні.

Рыхтуе футбалістаў да спаборніцтваў трэнер-выкладчык Дзятлаўскай ДЮСШ Уладзімір Ганчар.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ