Нарыканцы лютага ў Слоніме праходзілі спаборніцтвы зімовага першынства Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2005-2006 гадоў нараджэння і малодшых.
Каманда Дзятлаўскай ДЮСШ выступала ў трэцяй групе раёнаў. У склад каманды ўвайшлі 6 дзяўчат, якія на працягу двух дзён спрабавалі паказаць свае лепшыя вынікі.
Варвара Кончык пацвердзіла свой статус фаварыта ў спартыўнай хадзе і атрымала адразу дзве перамогі на дыстанцыях 2000 і 3000 метраў.
Ксенія Кароль і Вераніка Сідорчык таксама трапілі ў тройку лідараў. Ксенія заняла другое месца ў скачках у даўжыню і трэцяе месца ў бегу на дыстанцыю 60 метраў. Вераніка Сідорчык стала трэцяй на дыстанцыі 60 метраў з бар’ерамі.
Крыху не хапіла запалу іншым дзятлаўчанкам. Паліна Карэнка, Аляксандра Жук, Дар’я Герасімчык, на жаль, не змаглі заваяваць прызавых месцаў, але годна прадставілі зборную каманду Дзятлаўшчыны на спаборніцтвах.
У агульным заліку каманда Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы заняла другое месца, набраўшы 170 ачкоў.
Аляксандр ПАЛУНОСІК,
трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы