Актывізаваліся тэлефонныя махляры

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Патэлефанавалі маці, паведамілі, што сын збіў дзіця, запатрабавалі грошы.

Не так даўно сродкі масавай інфармацыі паведамлялі пра факт махлярства, калі невядомы патэлефанаваў састарэлай жыхарцы горада Гродна і прапанаваў вырашыць праблемы, якія ўзніклі ў яе сына. За свае палугі тэлефонны махляр папрасіў пералічыць вялікую суму ў доларах ЗША. Жанчына “клюнула” на вуду аферыста, аднак перавяла толькі частку сумы (усё, што было ў наяўнасці).

Як аказалася, на тыдзень раней аналагічнае здарэнне адбылося з іншай жыхаркай абласнога цэнтра. Спосаб падману быў аналагічны: званок, паведамленне аб праблемах, неабходнасць перадачы грашовых сродкаў для вырашэння сітуацыі. На гэты раз у якасці пацярпелай па крымінальнай справе праходзіла жанчына, 1954 года нараджэння. Падманутая перавяла 450 долараў ЗША ў адзін з літоўскіх банкаў на адрас той жа фізічнай асобы “Ana Sinenkava”.

Падзеі развіваліся наступным чынам. У трубцы дамашняга тэлефона прагучалі словы “Мама, я папаў у аварыю, збіў дзіця”. Жанчына не пазнала голас і спытала, хто тэлефануе. Незнаёмец запэўніў: “Я твой сын, я ўвесь у крыві пасля аварыі, збіў дзіця – грамадзяніна Літвы”. Каб пенсіянерка не паспела зразумець, што на самой справе размаўляе не з сынам, суразмоўца са словамі “зараз з табой пагаворыць адзін чалавек” перадаў трубку. Пасля гэтага, не баючыся, што падман раскрыецца, пачаў гаварыць другі мужчына. Ён патлумачыў, што для вырашэння праблемы неабходны 6000 долараў ЗША. Хвалюючыся за сына, жанчына сказала, што мае толькі 500 умоўных адзінак. Незнаёмец згадзіўся на такую суму, запэўніўшы, што разбірацца будуць пазней, і назваў нумар рахунка, куды неабходна перавесці грошы. Таксама ён перасцярог пацярпелую, што нельга нікому званіць і расказваць пра аварыю.

Ужо збіраючыся ў банк, пенсіянерка патэлефанавала на мабільны сыну, на жаль, у гэты момант ён знаходзіўся на рабоце і не змог адказаць. Жанчына паспяшалася ў банк, перавяла грошы. Калі вярнулася дахаты, сын перазваніў. Высветлілася, што ніякага дарожна-транспартнага здарэння не было. Аднак да гэтага часу пераведзеныя грошы ўжо былі зняты з рахунка ў Літве.

У сувязі з гэтымі здарэннямі органы ўнутраных спраў Гродзенскай вобласці просяць грамадзян пажылога ўзросту быць уважлівымі і не паддавацца на падман махляроў.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама