Перадавіку – гонар і пашана. Менавіта на такой аснове і грунтуецца аператыўнае падвядзенне вынікаў зробленаму ў галіне сельскай гаспадаркі.
Каля 16 гадоў працуе на роднай зямлі механізатар КСУП “Войневічы” Павел Сухецкі. Яшчэ з дзяцінства ён цікавіўся, як вырошчваюць хлеб, і цяпер па напрацаваны механізатарскі вопыт, па дапамогу, па параду да яго звяртаюцца калегі.
Пачынаюцца этапы аграрнага майстэрства для механізатара з працы на МТЗ-3022 у ходзе пасяўной, затым перасаджваецца ён на КЗР “Палессе” – нарыхтоўвае кармы. Восеньскай парою, пасля ўборкі ўраджаю, ён рыхтуе глебу да наступнага ўраджаю, сее азімыя. Зімой – рамантуе тэхніку, падрыхтоўваючы яе да новага аграрнага сезона.
З году ў год па выніках вясенняй і восеньскай сяўбы Павел Сухецкі – у лідарах сярод работнікаў сваёй гаспадаркі, а па нарыхтоўцы кармоў – адзін з лепшых у раёне.
Ён лічыць, што працоўны поспех магчымы ў тым выпадку, калі тэхніка знаходзіцца ў руках сапраўднага прафесіянала, спраўная і дагледжаная, а для таго, каб затрымацца ў радах механізатараў, неабходна валодаць вытрымкай, цярпеннем і мець велізарную цягу да працы.
– Сапраўдная штодзённая практыка ў час палявых работ не горш за падручнік дапамагае зразумець і засвоіць усе тонкасці прафесіі, – дзеліцца сваімі назіраннямі Павел Сухецкі. – Спецыялісты, механізатары прыкладваюць максімум намаганняў для выканання пастаўленых задач на ўсіх аграрных этапах. Усе мы добра ўсведамляем адказнасць і важнасць кожнага працоўнага дня.
Урачыстае ўшанаванне перадавікоў у галіне сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – з году ў год значная падзея ў нашым раёне. Крытэрыямі вызначэння пераможцаў па-ранейшаму застаюцца высокая якасць работ, строгае захаванне правілаў аховы працы, тэхнікі бяспекі і найбольшае выкананне даведзеных заданняў.
Рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ў спаборніцтве сярод механізатараў, занятых на сяўбе зерневых і зернебабовых культур у перыяд вясенне-палявых работ, Павел Сухецкі адзначаны ў ліку лепшых працаўнікоў. Першае месца – адметная ўзнагарода за руплівыя адносіны да зямлі, цярпенне і працавітасць.
Дыпломам першай ступені ўзнагароджаны Павел Сухецкі і ў раённых спаборніцтвах сярод механізатараў, занятых на асенняй сяўбе. Дыпломам другой ступені – сярод механізатараў корманарыхтовачных камбайнаў па павелічэнні вытворчасці і якасці травяных кармоў.
Ужо чацвёрты год запар Павел Сухецкі “трымае марку” ў вобласці. Сёлета малады механізатар стаў пераможцам абласных спаборніцтваў па нарыхтоўцы кармоў і ўзнагароджаны дыпломам Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
На цырымоніі ўзнагароджання ў абласных спаборніцтвах па ўборцы ўраджаю 2018 года, якая прайшла ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу ў час святкавання абласных Дажынак, Павел Сухецкі быў ушанаваны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за плённую працу, прафесіяналізм, асабісты ўклад у развіццё селькагаспадарчай вытворчасці. Узнагароду яму ўручыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.
Усвядомлены выбар прафесіі сярод маладых людзей заўсёды выклікае асаблівую павагу. А калі выбар гэты звязаны з працай у галіне аграпрамысловасці – асаблівую пашану. У сельскай мясцовасці з кожным годам усё больш патрабуецца энергія маладых, гатовых і здольных тут працаваць. Аднойчы ў ходзе размовы Павел Сухецкі адзнычыў:
– Я люблю зямлю, люблю сваю прафесію, мясціны, у якіх жыву, хлеб, які сею.
Нізкі паклон вам, хлебаробы, за вашу любоў да зямлі і за вашу бездакорную працу.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Вот такие работяги действительно достойны наград и похвалы за хлеб на наших столах!
Рейтинг комментария:+1-2