Знаходкі “Юных археолагаў”: стаянка Пархуты-2

Галоўнае Грамадства

Выніковай і цікавай была змена ў дзевяцідзённым кругласутачным профільным летніку “Юныя археолагі”, які функцыянаваў на базе гімназіі №1 горада Дзятлава. У якасці археолагаў сябе паспрабавалі 10 гімназістаў. Вядома ж, “навічкам” паспрыяла фартуна: у ліку іх знаходак былі даволі цікавыя артэфакты. Праўда, у пошуках гістарычных каштоўнасцяў юныя археолагі прайшлі шэраг выпрабаванняў, бадай самым значным сярод якіх быў “разгул” стыхіі. Аднак скончылася ўсё добра, і варта спадзявацца, што наперадзе ў гімназістаў яшчэ шмат новых адкрыццяў.

Пра жыццё ў профільным летніку карэспандэнтцы газеты “Перамога” расказала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі №1 горада Дзятлава Алена Радомская.

Ля вытокаў: набыццё неабходных навыкаў

– Кожны дзень змены быў прысвечаны пэўнай тэме ці сустрэчы. Так, 18 чэрвеня летнік адкрыўся “пагружэннем” у праблемы краязнаўства. Навучэнцы паслухалі лекцыі “Асновы краязнаўства”, “Дынаміка вядзення археалагічнай разведкі” і вывучылі асноўны “інструментарый”, неабходны для практыкі. Каб лепш зразумець, чым будуць займацца, накіраваліся на прагулку-пошук да сядзібы Дамейкі ў Жыбартаўшчыне. Пры гэтым, атрымалі заданні, на якія павінны былі даць адказы пасля вандроўкі. Таксама пастараліся ацаніць захаванасць аб’екта, спрагназаваць магчымыя перспектывы развіцця сядзібы ў сувязі са з’яўленнем новага гаспадара.

19 чэрвеня быў “Дзень сяброў”, калі сустракаліся з партнёрамі гімназіі і летніка – супрацоўнікамі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Яны наладзілі для юных археолагаў квэст “Скарбы Радзівілаў”, што дапамог гімназістам асвяжыць веды і дазнацца новае пра гісторыю горада. Яшчэ адзін сябар, ён жа супрацоўнік нашага летніка, Віктар Цыгель, які праходзіў у нас педагагічную практыку, правёў цікавы квэст па помніках райцэнтра. Удзельнікі знаходзілі аб’екты па карце, рабілі фотаздымкі, адзначалі асаблівасці таго ці іншага помніка.

20 чэрвеня стаў “Днём сустрэчаў і пазнанняў”. Ён дазволіў даведацца пра фізічныя здольнасці выхаванцаў летніка праз удзел у раённай спартакіядзе. Таксама ў гэты дзень прайшлі заняткі “Археалогія на практыцы”, дзе наведвальнікі летніка азнаёміліся з асноўнымі этапамі вядзення археалагічных раскопак, бо, прыйшоўшы на месца, мы павінны былі ведаць, як дзейнічаць, якія інструменты выкарыстоўваць.

Масаж роднай зямлі і знаходкі

З 21 па 23 чэрвеня праходзілі самі раскопкі. Экспедыцыю ўзначаліў намеснік дырэктара па навуковай рабоце інстытута гісторыі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Вадзім Лакіза. З ім былі два яго калегі, адзін з якіх – археолаг-падводнік.

Перад удзельнікамі экспедыцыі стаялі дзве задачы. Першая – пошук выяўленага ў час археалагічных раскопак у 1995 годзе драўлянага высечанага чоўна перыяду неаліта. Тады яго знайшлі, але не здолелі падняць без падводнага рыштунку. На гэты раз археолаг-падводнік тры дні запар па 4-6 гадзін праводзіў разведку пад вадой, аднак безвынікова. У нас з’явілася версія, што віной таму мінулагодняя паводка на рацэ Шчары, якой човен магло знесці ўніз па цячэнні.

Другой задачай былі раскопкі стаянкі Пархуты-2 старажытных людзей перыяду неаліта – ранняга бронзавага стагоддзя. Вучоныя дакладна вызначылі структуру раскопак і растлумачылі гімназістам, як па тэарэтычных гістарычных ведах адшукваецца найбольш удалае месца для іх. Далей ажыццяўлялі разбіўку квадрата раскопак. Варта зазначыць, што ў нас было па 5 хлопчыкаў і дзяўчынак. Мы раскапалі два ўчасткі – дзесяць і шэсць квадратных метраў. Для такой колькасці дзяцей гэта многа.

І першы, і другі дзень радавалі знаходкамі. У першых пластах зямлі трапляліся рэшткавыя элементы ад дзейнасці старажытных людзей – сколы крэмнія. На глыбіні 20-40 сантыметраў удалося знайсці ярка выражаныя каменныя прылады працы старажытнага чалавека – скрабкі, наканечнікі, элементы каменнага нажа, керамікі, прычым розных культур (Нёманскай, Дзвінска-Нёманскай, штрыхавой). Асабліва каштоўным аказаўся адзін з фрагментаў керамікі – элемент горлачка збана. Знайшлі каменны наканечнік стралы, і вучоныя зазначылі, што гэта таксама каштоўная знаходка.

Трэці дзень раскопак быў менш выніковы. У гэты дзень капалі на глыбіні да 60 сантыметраў, знаходак было няшмат, але двойчы археолагі атрымлівалі надзею, што ўдасца адшукаць што-небудзь сур’ёзнае: пра гэта па сваім колеры сведчылі слаі глебы. Аднак асаблівасць нашай мясцовасці – знаходжанне людзей, гаспадарчая дзейнасць, жывёльны свет – перамяшалі ўсю гэту сістэму, і надзеі не апраўдаліся. Але, прайшоўшы на стаянку Пархуты-1, дзе археалагічныя раскопкі вяліся ў 1994, 1995, 2004 гадах, проста ў кратавіне ўдалося знайсці старажытную каменную сякеру. Гэта і аказалася самай каштоўнай знаходкай трэцяга дня.

Што вельмі важна, у гэтым паходзе нашы навучэнцы сталі камандай. Яны не проста капалі, а рухаліся асцярожна, набіраючы зямлю па сантыметрах кончыкамі рыдлёвак. Хлопчыкі выкідвалі зямлю дзяўчынкам, якія акуратна яе перабіралі пальцамі. У нейкі момант, здаецца, Таня Горбач сказала: “У мяне ствараецца ўражанне, што я раблю масаж сваёй роднай зямлі”. Нам вельмі спадабалася такая асацыяцыя.

Сёняшнія высновы – задаткі заўтрашніх праектаў

У ноч на 22 чэрвеня была моцная навальніца. Давялося перачакаць яе ў машынах, ад’ехаўшы далей ад дрэваў. Бліскавіцы былі настолькі яркія, што складвалася ўражанне знаходжання ў эпіцэнтры лазернага шоу. Заставалася слабая надзея, што да раніцы бура супакоіцца, і ў 4 гадзіны мы зможам правесці акцыю “Свечкі памяці”. Так і сталася. Нягледзячы на амаль бяссоную ноч, нашы юныя археолагі стойка паўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве, прымеркаваным да Дня ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. Мы запалілі свечкі і доўга размаўлялі пра вайну.

23 чэрвеня ля 18 гадзін ужо вярнуліся ў Дзятлава з важкім багажом станоўчых эмоцый.

Ведаеце, якую важную выснову я зрабіла для сябе? Веды, атрыманыя на практыцы, – самыя моцныя. Калі выкладаеш дзецям гісторыю, даеш фармуліроўкі, вучыш, як правільна запамінаць паняцці, сістэму гістарычных датаў, атрымліваецца доўгі і складаны працэс. А ў экспедыцыі яны за некалькі гадзін самі навучыліся адрозніваць, дзе крэмень, а дзе звычайны камень, дзе на самой справе рэч, да якой дакраналіся старажатныя людзі, а дзе непатрэбная знаходка, дзе гліна, а дзе кераміка. Нават навучыліся адрозніваць элементы керамікі розных перыядаў усяго за тры гадзіны сумеснай работы.

24 чэрвеня быў днём экскурсій. З’ездзілі ў Навагрудак, пабачылі экспазіцыі халакоста і супраціўлення, пабылі каля возера Літоўка, дзе мясцовы энтузіяст-аматар стварае новыя арт-аб’екты.

25 чэрвеня працавалі над спецпраектам “Спадчына Дзятлаўшчыны”. Юныя археолагі разбіліся на пяць груп, кожная з якіх стварала медыя або відэапраект аб рабоце летніка. Свае напрацоўкі навучэнцы паспрабавалі ператварыць у “прадукт”, які можна будзе паказаць наступным пакаленням гімназістаў, прэзентаваць на 520-годдзі Дзятлава ці развіць у навукова-даследчую работу.

26 чэрвеня гімназісты прэзентавалі свае відэаролікі і пабылі на фотасесіі каля гістарычных аб’ектаў горада Дзятлава.

Ідэі, назапашаныя ў летніку “Юны археолаг”, у далейшым выльюцца ў новыя праекты. Ужо ёсць сумесныя з вучонымі задумкі, але раскрываць сакрэты пакуль рана. Можам толькі сказаць: працяг будзе.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фотаздымкі прадастаўлены гімназіяй №1 горада Дзятлава



1 комментарий по теме “Знаходкі “Юных археолагаў”: стаянка Пархуты-2

  1. Молодцы и ребята, и взрослые — хорошее и полезное дело делают. А впечатления от таких походов, как и любовь к родной земле, которая хранит ещё много тайн и загадок, останутся на всю жизнь.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *