Адбыўся раённы семінар-нарада па пытаннях арганізацыі нарыхтоўкі травяністых кармоў

Падзеі

 На базе КСУП “Жукоўшчына” адбыўся раённы семінар-нарада па пытаннях арганізацыі нарыхтоўкі травяністых кармоў у сельскагаспадарчых арганізацыях. У яго рабоце прынялі ўдзел першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Бабіна, кіраўнікі гаспадарак, а таксама галоўныя аграномы, ветэрынарныя дактары, інжынеры сельгаспрадпрыемстваў раёна, інжынеры па тэхніцы бяспекі, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Узначаліў семінар старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік.

На выяздным мерапрыемстве вядучымі спецыялістамі  разглядаліся пытанні аб арганізацыі нарыхтоўкі травяністых кармоў, гатоўнасці сянажна-сіласных траншэй, сенасховішчаў, тэхналагічныя прыёмы закладкі сенажу ў сянажныя траншэі.

Першай кропкай рабочага маршрута сталі палеткі ва ўрочышчы “Погіры”, дзе агульную характарыстыку гаспадарцы даў дырэктар КСУП “Жукоўшчына” Іван Свіб.

Пра структуру шматгадовых траў, іх батанічны склад, пра тэхналагічныя аперацыі пры загатоўцы сенажу паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Кугейка.

Аб падрыхтоўцы да працы кормаўборачнай тэхнікі ў гаспадарцы, асноўных патрабаваннях да яе гатоўнасці расказаў галоўны інжынер КСУП “Жукоўшчына” Іван Кіслы.

Па пытаннях асноўнай і дадатковай аплаты працы, мерах і магчымасцях маральнага і матэрыяльнага стымулявання работнікаў у перыяд корманарыхтовак паведаміла галоўны эканаміст гаспадаркі Алена Айрапетава.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік адзначыў, што адно з самых асноўных патрабаванняў – тэрмінова прыступіць да нарыхтоўкі кармоў, пазбягаючы некандыцыі кармавой базы, бесперапынна сачыць за тэхналогіяй іх нарыхтоўкі і захаваннем. Для дасягнення добрых вынікаў важным фактарам застаецца аператыўнасць з боку кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў, механізатараў. Аляксандр Міхайлавіч адзначыў, што для якаснай закладкі кармавой базы неабходна мабілізаваць усе кадры.

Наступным прыпынкам семінара стала малочнатаварная ферма “Погіры”, дзе разглядаліся пытанні па тэхналагічных патрабаваннях да нарыхтоўкі якасных травяных кармоў. Як паведаміла загадчыца аддзела таксікалогіі і біяхіміі Дзятлаўскай міжраённай ветэрынарнай лабараторыі Ганна Лянцэвіч, на працягу ўсяго перыяду будуць працаваць тэхналагічныя групы  па кантролі за ходам нарыхтоўкі кармоў і іх якасцю. Таму неабходна сачыць за выкананнем тэхналагічных рэгламентаў скошвання травы, якасным здрабленнем правяленай масы, забеспячэннем  кругласутачнай трамбоўкі сянажнай масы. Асаблівую ўвагу кіраўнік раёна Аляксандр Дубовік  і загадчыца лабараторыяй Ганна Лянцэвіч сканцэнтравалі на якасную падрыхтоўку сянажных траншэй, захавання тэрмінаў іх запаўнення, надзейнасці ўкрыцця нарыхтаванага корму. Асобна абмеркавалі якасць матэрыялаў для ўкрыцця сянажных траншэй.

Ганна Уладзіміраўна адзначыла:

– Будуць правярацца не толькі тэмпература і вільготнасць сянажнай масы, разам з гэтым, у адпаведнасці з дзяржаўнымі стандартамі будуць брацца пробы з розных месцаў траншэі для папярэдняй ацэнкі якасці партыі аднатыпнага корму ў канкрэтным сховішчы.

Далейшым месцам семінара сталі палеткі каля малочнатаварнай фермы “Зачэпічы”, дзе працавала тэхніка па загатоўцы сенажнай масы ў рулонах з выкарыстаннем стрэйч-плёнкі. Тут размова ішла пра працэс  работы прагрэсіўнага метаду нарыхтоўкі кармоў у стрэйч-плёку. Галоўны аграном КСУП “Жукоўшчына” Аляксандр Кугейка расказаў пра плюсы такога метаду нарыхтоўкі кармоў, скіраваў увагу на арганізацыю работ на пашы.

Напрыканцы семінара старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік паставіў перад кіраўнікамі гаспадарак канкрэтныя задачы, патрабаваў ад спецыялістаў выканання тэхналогій на ўсіх этапах корманарыхтоўкі, падкрэсліў, што корманарыхтовачны сезон неабходна правесці максімальна якасна і аператыўна. Даць прагноз, якім будзе год вельмі складана, таму кармавы запас павінны мець усе сельгасарганізацыі.

 

 

 

 

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Читайте также:

Дятловский сыродельный завод — лауреат премии облисполкома за достижения в области качества

Цяпло і святло бацькоўскага ачага

Яны першымі пасадзілі “другі беларускі хлеб”

Вадзіцелі, у Дзятлаве ўсталявалі датчык кантролю хуткасці



Теги:

1 комментарий по теме “Адбыўся раённы семінар-нарада па пытаннях арганізацыі нарыхтоўкі травяністых кармоў

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *