Паэт са шчырым сэрцам патрыёта

Хто крылы расправіў на роднай зямлі

2 красавіка Вікенцію (Віктару) Мікалаевічу Шымуку споўнілася б 85 гадоў. Многія людзі ў такім узросце яшчэ бадзёрыя, рухавыя, цікавяцца жыццём сваіх дзяцей і ўнукаў, жывуць заўтрашнім днём. А яго няма з намі ўжо дваццаць гадоў. Няма на зямлі паэта, які шчыра любіў і апяваў Дзятлаўшчыну, патрыёта малой радзімы, яе адданага сына. Няма чалавека на зямлі, але жыве пра яго памяць у нашых сэрцах, жывуць яго вершы і песні, і ёсць на дзятлаўскіх могілках месца, дзе знайшоў вечны супакой Вікенцій Мікалаевіч. Сюды можа прыйсці кожны з нас і нізка пакланіцца сыну Дзятлаўшчыны, бо спачывае паэт на той зямлі, што ўзгадавала і вывела ў шырокі свет беларускай культуры і літаратуры.

Віктар Шымук быў чалавекам шчырым, адкрытым, эмацыянальным, з нястрымнай энергіяй, якой ён без шкадавання дзяліўся з іншымі людзьмі. Як і многім юнакам і дзяўчатам, чыё дзяцінства апалена вайной, Вікенцію самому трэба было прабіваць дарогу да лепшага жыцця, рэалізоўваць тыя задаткі, што шчодра закладзены прыродай. А дасягнуць вышынь аказалася не так і проста: ні на матэрыяльныя сродкі, ні на ўплывовую радню разлічваць не даводзілася. Таму рана пачаў самастойнае жыццё: ужо ў шаснаццаць гадоў працаваў адказным сакратаром Дзятлаўскай раённай газеты “За новую вёску”, адначасова вучыўся ў вячэрняй сярэдняй школе. Ездзіў на веласіпедзе па ўсёй Дзятлаўшчыне, збіраў матэрыялы для артыкулаў, фатаграфаваў. Калі пераканаўся, што журналістыка – справа яго жыцця, паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ. У час вучобы таксама працаваў у розных перыядычных выданнях рэспублікі – газетах “Калгасная праўда”, “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”.

Асабіста я пазнаёмілася з земляком, калі ён працаваў намеснікам галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё. Было гэта ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады стваралася кніга “Памяць” Дзятлаўскага раёна, і мяне ад райкама партыі паслалі ў камандзіроўку да знакамітых літаратараў і мастакоў Дзятлаўшчыны, каб сабрала матэрыял і напісала артыкулы ў кнігу. Сустракалася з В. Адамчыкам, В. Шымуком, М. Несцярэўскім. Цікавыя людзі, запамінальныя сустрэчы.

Вікенцій Мікалаевіч запрасіў мяне ў рэдакцыю, дзе мы доўга размаўлялі ў яго кабінеце. Ён расказваў пра сябе, пра работу ў раённай газеце, пра сваю маці, якую вельмі любіў і даглядаў да апошніх дзён, пра жонку Марыю Дзмітрыеўну. А затым патэлефанаваў Мікалаю Несцярэўскаму, і мы паехалі ў яго майстэрню на праспекце Незалежнасці. Я ўпершыню апынулася ў майстэрні кераміста, з цікавасцю разглядала гатовыя і толькі пачатыя работы, слухала, пра што размаўляюць два таварышы, у якіх было шмат агульных успамінаў.

Потым утраіх поехалі ў кафэ “Вясна”, пасядзелі там за абедам гадзіны са дзве. Мне цікава было назіраць за сваімі знакамітымі землякамі, за іх зносінамі, такімі шчырымі і адкрытымі. Час ад часу задавала пытанні, памятаючы, што трэба пісаць матэрыял для кнігі “Памяць”.

Вікенцій Мікалаевіч запомніўся мне найбольш сваёй адкрытасцю, цеплынёй і шчырасцю ў зносінах. Шмат выкарыстоўваў цёплых слоў, ад іх чалавек проста ўзвышаўся ў сваіх уласных вачах. У час той сустрэчы падпісаў мне на памяць два свае зборнікі – “Святло красавіцкіх бяроз” і “Спелы жнівень”. Тыя кніжачкі і сёння ашчадна захоўваюцца ў маёй хатняй бібліятэцы, ды і добрую службу саслужылі мне як настаўніцы, бо па лірыцы В. Шымука вучнямі гімназіі пад маім кіраўніцтвам былі напісаны тры даследчыя працы.

У прыгожы час нарадзіўся Віктар Шымук: весняй парой, калі растае апошні снег, абуджаецца зямля і ўся прырода, абуджаецца душа чалавека. Напэўна, таму быў ён светлым, як красавік, як пялёсткі першай вясновай пралескі. Такім і застанецца для нас назаўсёды.

Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Стоит почитать:

Дзяніс Сасінскі: “Армію трэба зразумець”

Ёсць у кожнага любы сэрцу куток

Ягор Сокал: “Проста ідэя была ўдалая”

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *