Не стань таварам: бяспека працы за мяжой

Здарэнні і бяспека

Грамадзяне Беларусі, якія самастойна выязджаюць працаваць за мяжу, часцей сталі звяртацца з просьбамі высветліць законнасць дзейнасці арганізацыі, якая аказвае ім паслугі па працаўладкаванні, а таксама разабрацца з выпадкамі парушэння загадзя абмеркаваных з пасрэднікам (або замежным наймальнікам) умоваў працы. Парушэнні тычацца парадку і тэрмінаў выплаты наймальнікамі зарплаты, уводу ў зман аб характары работы, умовах пражывання.

Кожны такі выпадак патрабуе дэталёвага разбіральніцтва. Органы ўнутраных спраў праводзяць праверку, ці можна прыцягнуць да адказнасці вінаватых асобаў. Аднак варта разумець, што парушэнні лягчэй папярэдзіць, чым аднаўляць парушаныя правы і інтарэсы.

Найбольш частыя схемы падману: размяшчэнне аб’яваў аб рабоце за мяжой і арганізацыя выезду без заключэння дагавора, або заключэнне на тэрыторыі іншай дзяржавы новага дагавора, які пагаршае ўмовы працы, ці накіраванне працоўнага мігранта да трэцяй асобы на іншы аб’ект.

Большасць грамадзян, якія знаходзяць работу за мяжой праз знаёмых ці інтэрнэт без праверкі інфармацыі, не маюць легальнага статусу ў краіне (дазволаў на пражыванне і(ці) работу), значыць жывуць і(ці) працуюць незаконна. Таму пры парушэнні іх правоў яны становяцца абсалютна безабароннымі, падвяргаюцца працоўнай эксплуатацыі.

Найбольш бяспечны спосаб выезду на работу за мяжу – пры садзейнічанні ліцэнзіятаў (юрыдычных асобаў і ІП, якія маюць адпаведную ліцэнзію). Аднак варта памятаць, што ў гэтым выпадку перазаключаць за мяжой працоўны дагавор з замежным наймальнікам забаронена. Спіс ліцэнзіятаў размешчаны на сайце МУС Рэспублікі Беларусь www.mvd.gov.by (грамадзянства і міграцыя – працоўная міграцыя).

У час знаходжання за мяжой:

станьце на часовы консульскі ўлік;

ні ў якім разе нікому не аддавайце свой пашпарт;

калі ўмовы вашага знаходжання адрозніваюцца ад тых, якія былі пазначаны ў дагаворы, звяжыцеся з агенцтвам. Запатрабуйце неадкладнага паляпшэння ўмоваў. Калі сітуацыя не мяняецца, вы маеце права адмовіцца ад работы па дагаворы;

у выпадку крадзяжу дакументаў або пры ўзнікненні якіх-небудзь праблем звяртайцеся ў пасольства ці консульства Рэспублікі Беларусь або ў паліцыю той краіны, дзе вы знаходзіцеся.

Святлана ЮРГЕЛЬ,
вядучы спецыяліст групы па грамадзянстве і міграцыі АУС райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *