Склалі каляндар — перамаглі ў конкурсе

Падзеі

Каляндар — рэч простая, але патрэбная дома і на рабоце. На пачатку года асабліва актуальныя пытанні, дзе прыдбаць новы каляндар і які з іх будзе найбольш зручны — насценны, настольны, перакідны. Многія выданні, у тым ліку газета «Перамога», у студзені парадавалі сваіх падпісчыкаў календарамі. А Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі, у сваю чаргу, прапанаваў юным жыхарам вобласці паўдзельнічаць у конкурсе і самім стварыць экалагічныя календары на новы 2018 год.

Вывучаючы родную прыроду

Абласны завочны конкурс «ЭКА-каляндар» быў скіраваны на павышэнне цікавасці навучэнцаў да захавання экалагічнай разнастайнасці Беларусі, больш глыбокае вывучэнне флоры і фаўны роднага краю, выхаванне беражлівых адносінаў да прыроды. Дзяцей запрасілі стварыць перакідныя настольныя каляровыя календары ў форме трохкутнікаў, самастойна выбраць дызайнерскае рашэнне і напоўніць работы цікавай інфармацыяй пра жывёл або расліны, якія сустракаюцца на тэрыторыі нашай рэспублікі.

У конкурс актыўна ўключыўся Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава. Спачатку спецыялісты цэнтра правялі раённы этап іспытаў і выбралі лепшыя работы для накіравання ў абласны цэнтр. Варта зазначыць, што канкурэнцыя была даволі сур’ёзнай. У конкурсе прынялі ўдзел усе раёны Гродзенскай вобласці — прадаставілі 98 календароў. З-за вялікай колькасці работ журы нават давялося павялічыць спіс намінацый. У іх лік увайшлі «Таямніцы раслін», «Жывы погляд», «Лекавыя расліны», «Па старонках Чырвонай кнігі», «Экалагічныя падарожжы», «Прырода і творчасць», «Цікавыя факты».

Юныя жыхары нашага раёна занялі пяць прызавых месцаў. Дыпломамі былі адзначаны календары навучэнцаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава Паліны Дзедавай і Сяргея Габайдуліна, Анастасіі Сідорчык і Кацярыны Савельевай з Дварэцкай сярэдняй школы, навучэнцаў Цэнтра творчасці горада Дзятлава Надзеі і Івана Губко.

«Дзіўнае — побач!»: таямніцы кветак Беларусі

Надзея Губко, навучэнка сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, ужо некалькі гадоў наведвае заняткі аб’яднанняў па інтарэсах Цэнтра творчасці і займаецца ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Дзяўчынка марыць стаць дызайнерам і ўпэўнена ідзе да сваёй мэты. Яна ўдзельніца і прызёр многіх творчых конкурсаў. Толькі за 2017 год Надзея папоўніла скарбонку сваіх узнагародаў чатырма новымі дыпломамі: заняла другое месца ў абласным конкурсе фларыстаў-аранжыроўшчыкаў «Кветкі, прыгажосць, творчасць»; першае — у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу-выставы творчых работ «Лёд. Кветкі. Фантазія»; дыплом другой ступені атрымала за ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Казкі.by»; з абласнога пленэра юных мастакоў «Сімфонія велічы Белавежскай Пушчы» прывезла дыплом трэцяй ступені.

Паспяховым для Надзеі Губко стаў і пачатак 2018 года. Чарговую перамогу яна раздзяліла са старэйшым братам Іванам, які захапляецца спортам і стэндавым мадэлізмам. Разам яны склалі экалагічны каляндар «Дзіўнае — побач!», у якім расказалі аб таямніцах кветак Беларусі. Работа навучэнцаў заняла першае месца ў намінацыі «Цікавыя факты» абласнога конкурсу «ЭКА-каляндар». Надзею і Івана падтрымлівалі і давалі ім творчыя парады загадчыца эколага-біялагічнага аддзела Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Ірына Лагун і загадчыца аддзела мастацкай творчасці Алена Сямёнава.

Навучэнцы адшукалі цікавыя факты аб 12 унікальных раслінах нашай краіны і размясцілі іх разам з фотаздымкамі, экалагічнымі датамі, народнымі выразамі на старонках свайго календара. Надзея Губко займалася пошукамі цікавых фактаў аб раслінах, а Іван паклапаціўся пра камп’ютарны дызайн і афармленне іх агульнай работы.

Вадзяны арэх, сон-трава, касачы, падснежнік, шпажнік, карлікавая бяроза, расянка, вадзяная і лясная лілеі, пыльцагаловік, надбароднік, турэцкі багун — іх сакрэты можна даведацца, калі зазірнуць у каляндар «Дзіўнае — побач!». Найбольш цікавымі раслінамі Надзея і Іван Губко лічаць вадзяную лілею, якой нашы продкі прыпісвалі ўласцівасць ператварацца ў русалку, а таксама па паводзінах гэтай кветкі прадказвалі надвор’е. Нямногія ведаюць пыльцагаловік, ад якога п’янеюць пчолы. А надбароднік (архідэя-прывід) можа «спаць» у зямлі 10 гадоў, а пры спрыяльных умовах прарасці і зацвісці зноў. Дарэчы, з 20-х гадоў мінулага стагоддзя вучоныя лічылі, што гэта кветка ў Беларусі больш не сустракаецца, пакуль яе ў адзінкавым экзэмпляры не адшукалі ў Браслаўскім раёне ў 2009 годзе.

Прыроду любім і шануем

Надзея і Іван Губко прызнаюцца, што конкурс ім спадабаўся, паўдзельнічаць у ім было карысна, бо даведаліся шмат новага.

— Прыроду мы любім і шануем, — расказвае Іван. — Наша сям’я жыве ў прыватным доме, маем свой сад, агарод і кветнік, дзе шмат ружаў і лілеяў. Іх даглядае матуля — Кацярына Аляксандраўна, а мы дапамагаем.

Надзея наведвае школу мастацтваў і любіць маляваць прыроду. У нас дома шмат яе карцін і работ з прыродных і іншых матэрыялаў.

Веды, атрыманыя за час работы над календаром, дапамогуць нам у далейшым быць больш уважлівымі да роднай прыроды і беражліва адносіцца да раслін. Рэдкія і чырвонакніжныя зёлкі мы цяпер зможам пазнаць сярод іншых, а значыць, падкажам сваім сябрам і равеснікам, што чапаць іх нельга.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *