Расказалі аб міліцэйскай прафесіі

Здарэнні і бяспека

У аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй для навучэнцаў старэйшых класаў школ горада Дзятлава. Пра міліцэйскую службу школьнікам расказалі намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні І. Хітро, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх В. Петрукевіч, старшы аператыўна ўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі А. Якімчык.

У прыватнасці Ігар Хітро зазначыў, што работнікаў міліцыі рыхтуюць дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы нашай краіны: Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў. У іх на конкурснай аснове прымаюць грамадзян Рэспублікі Беларусь, здольных па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях, стане здароўя выконваць задачы, ускладзеныя на органы ўнутраных спраў. Таму паступаць маюць магчымасць не ўсе жадаючыя, а толькі тыя навучэнцы, якія адпавядаюць названым патрабаванням.

Больш падрабязна пра акадэмію МУС расказаў яе былы выпускнік, цяпер старшы аператыўна ўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Аляксей Якімчык.

— У Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў рыхтуюць супрацоўнікаў міліцыі, Следчага камітэта, экспертаў-крыміналістаў, лейтэнантаў фінансавай міліцыі, дазнавальнікаў для Дзяржаўнага мытнага камітэта, ваенных юрыстаў для Міністэрства абароны, сярод супрацоўнікаў КДБ таксама нямала выпускнікоў Акадэміі МУС.

У ліку перавагаў, якія маюць курсанты Акадэміі перад навучэнцамі і выпускнікамі іншых ВНУ, — высокая стыпендыя, бясплатнае харчаванне, забеспячэнне абуткам і адзеннем, бясплатным жыллём. Пасля заканчэння Акадэміі выпускнікам гарантавана працаўладкаванне на пяць гадоў (менавіта столькі яны павінны адслужыць абавязкова), таксама яны раней выходзяць на пенсію.

У Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь развітая матэрыяльна-тэхнічная база, вучыцца там прэстыжна і цікава, курсанты вучацца дасканала валодаць камп’ютарам, вывучаюць воблачныя тэхналогіі, шмат часу надаецца і фізічнай загартоўцы будучых праваахоўнікаў, працуюць трэнажорныя залы і спартыўныя секцыі.

Для большай нагляднасці праваахоўнікі прапанавалі школьнікам відэастужку аб навучанні будучых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Вынікі сустрэчы падвёў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх В. Петрукевіч. Ён зазначыў, што будучая прафесія павінна падабацца чалавеку. Тым, хто збіраецца выбраць міліцэйскую спецыяльнасць, варта ўжо цяпер параіцца з бацькамі, узважыць усе «за» і «супраць». Працаваць праваахоўнікам складана, але прэстыжна.

Як паказвае практыка, той, хто мае цвёрды намер служыць у міліцыі, упэўнена ідзе да сваёй мэты, не зважаючы на цяжкасці, у далейшым паспяховы ў выбранай прафесіі.

І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *