Калядныя сустрэчы

Падзеі

Не сакрэт, што зімовых святаў чакаюць як дзеці, так і дарослыя. Менавіта ў перыяд Калядаў і Новага года пануе чараўніцтва, здзяйсняюцца жаданні. Таксама адбываюцца цікавыя сустрэчы і прыемныя сюрпрызы. Прывесці прыклад?

Вось, калі ласка: на Каляды, 25 снежня, у Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло музычнае шоу «Калядныя сустрэчы». Гледачы сабраліся ў святочнай зале, чакаючы чагосьці незвычайнага і прыемнага, вясёлага і святочнага.

Са сцэны танцавальнымі і музычнымі нумарамі прысутных сустракалі лепшыя выканаўцы раёна. Ці сімвалічна, што ва ўборах мясцовых артыстаў у светлае свята пераважаў белы колер?

Колер чысціні, міру. Спявалі пра дабро, каханне і цуды.

Раптам сцэна апусцела, а ў зале адчулася хваляванне прысутных. Інтрыгуючую цішыню перапыніў басісты і загадкавы голас, які даносіўся дзесьці з-за кулісаў. Дзеці выказалі здагадку, што гэта гаворыць Дзед Мароз. Таямнічы голас прапанаваў працягнуць весялосць і абвясціў аб выхадзе на сцэну таго, хто гэты вясёлы настрой працягне дарыць гледачам.

Герман Цітоў, папулярны спявак і кампазітар, вядучы тэлеканала АНТ — вось хто прыехаў у госці да дзятлаўчан.

«Гэта ж зорка», — чую радасны каментар адной з жанчын.

Герман пачаў выступленне з кампазіцыі «Я белым снегом» і стварыў у прысутных адчуванне зімы хаця б у святочнай зале, таму што на вуліцы гэтая пара года чамусьці перастала пра сябе нагадваць.

Спявак выконваў свае сольныя песні, а таксама хіты, якія ён напісаў для папулярных расійскіх артыстаў.

Кожнае музычнае выступленне Германа Цітова суправаджалася гучнымі апладысментамі.

Гледачы і падпявалі, і танчылі каля сваіх месцаў, а дзеці — непадалёк ад сцэны.

— Я табе ўвесь час пазірую, а ты не перастаеш фатаграфаваць, — жартаўліва кажа мне артыст у мікрафон. — Пачакай, зараз будзе наступная песня.

Пасля гэтых словаў стала відавочна, што «злавіць» Германа ў кадр мне зноў будзе складана, таму што ў час выступлення спявак цалкам перадаваў сваю энергію гледачам і актыўнымі жэстамі, і мімікай.

На працягу ўсяго канцэрта Герман Цітоў вёў дыялог з гасцямі свята: жартаваў, задаваў пытанні пра сваю творчасць. Потым увогуле спусціўся са сцэны і адправіўся ў глыб залы, каб бліжэй пагутарыць праз песню з гледачамі і нават абняцца з некаторымі з іх.

Словы кожнай песні ведалі амаль усе прысутныя, а вось пра тое, што ў кампазіцый ёсць свае гісторыі, вядома не кожнаму.

Вось, напрыклад, Герман расказаў пра песню «Люблю тебя». Перад тым, як яна «выйшла ў свет», яе пачуў кіраўнік ансамбля «Сябры» Анатоль Ярмоленка і папрасіў гэтую песню для сябе.

Патлумачыў гэта тым, што імя яго жонкі — Рая, а радок «не надо рая» з прыпева можна перадаць як «не надо, Рая». Жарты жартамі, але песня ўсё ж такі засталася ў аўтара. А іншая песня з назвай «Любовь-капкан» нечакана дасталася Валерыю Лявонцьеву. Дзякуючы гэтаму цяпер у скарбонцы ўзнагародаў за творчасць Германа Цітова ёсць дыплом расійскага фестывалю «Песня года». І гэта, вядома, далёка не ўсе дасягненні. З нядаўняга ў творчасці Германа — дуэт з Наталляй Каралёвай «Мой Дед Мороз». І гэтая прэм’ера таксама гучала для жыхароў горада. Але Наташу ў Дзятлава Герман чамусьці не ўзяў.

Сустрэча з папулярным спеваком, кампазітарам і тэлевядучым стала для дзятлаўчан цікавай і напоўненай уражаннямі. Каб захаваць успаміны, пасля канцэрта многія куплялі дыскі з песнямі Германа Цітова. Утварылася чарга і для таго, каб зрабіць фатаграфію з артыстам, узяць у яго аўтограф.

Дарэчы, сярод песень, якія гучалі на сцэне, была песня Юрыя Антонава «Мечты сбываются». Цікава, якія мары збыліся ў Германа Цітова ў адыходзячым годзе?

— Самае галоўнае для мяне тое, што мая творчасць у гэтым годзе была больш запатрабаваная.

Гэта я заўважыў па сваіх канцэртах. Кожны раз, калі прыязджаю ў той ці іншы горад, мяне радасна сустракаюць і просяць спяваць яшчэ. Вельмі важна, калі артыст патрэбны сваёй публіцы. Я пачаў свой канцэртны тур па гарадах Беларусі, ён працягнецца і ў пачатку наступнага года. У Дзятлаве я ўпершыню, і мне прыемна, што гледачы наладзілі такі цёплы прыём. Такая рэакцыя публікі і ёсць мая вялікая мара, якая збываецца.

— А калі вярнуцца ў дзяцінства, якая тады была самая запаветная мара і ці збылася яна? — пытаюся ў Германа.

— У дзяцінстве я марыў пра сабаку, і мне падарылі нямецкую аўчарку. Мары сапраўды збываюцца! Няхай 2018-ты стане шчодрым на здзяйсненні жаданняў кожнага чалавека!

Юлія БАКУНОВІЧ

 



3 комментария по теме “Калядныя сустрэчы

  1. По утрам вижу его по телевизору, рада что увидела в живую, спасибо за концерт!!! Жаль что не сфоткались

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Попросила вашу девочку сфотографировать меня с Германом Титовым, а где можно фото забрать? Если у вас сохранились

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *