Нацыянальнаму цэнтру прававой інфармацыі – 20 гадоў

Падзеі

Забеспячэнне прававой інфармацыяй грамадзян — з найважнейшых задач нашай дзяржавы. Для яе рэалізацыі створаны і 20 гадоў функцыянуе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Аб асноўных напрамках яго дзейнасці і як ён дапамагае атрымаць адказы на прававыя пытанні, расказаў намеснік дырэктара НЦПІ Вячаслаў Бекета.

— Вячаслаў Мечыслававіч, раскажыце пра ваш цэнтр прававой інфармацыі, аб яго ролі ў нашай краіне.

НЦПІ – гэта навукова-практычная ўстанова, з дапамогай якой кожны грамадзянін мае магчымасць карыстацца дакладнай прававой інфармацыяй ў любы час, у любым зручным для яго месцы.

Цэнтр распаўсюджвае прававую інфармацыю, забяспечвае яе функцыянаванне. Усе прававыя акты паступаюць у НЦПІ, дзе праходзяць апрацоўку, сістэматызацыю і становяцца даступнымі для ўсіх. Акрамя таго, наш цэнтр ажыццяўляе афіцыйнае апублікаванне нарматыўных прававых актаў на Нацыянальным прававым

Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь pravo.by.

Для распаўсюджвання прававой інфармацыі дзейнічаюць 7 рэгіянальных цэнтраў прававой інфармацыі — філіялы НЦПІ у Мінску і абласных цэнтрах.

— Прававая інфармацыя павінна быць дакладнай. Якім крыніцам можна давяраць?

У глабальнай сетцы інтэрнэт прававую інфармацыю можна знайсці на такіх дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсах, як Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь pravo.by, Дзіцячы прававы сайт mir.pravo.by, Прававы форум Беларусі forumpravo.by, пошукавая сістэма па заканадаўстве «ЭТАЛОН-ONLINE» etalonline.by.

Для тых, у каго няма магчымасці скарыстацца Інтэрнэтам, функцыянуе сістэма «ЭТАЛОН». Яна ўстанаўліваецца непасрэдна на камп’ютар або можна выкарыстоўваць яе флэш-версію, якая дазваляе працаваць з сістэмай з любога камп’ютара або ноўтбука. Сістэмай «ЭТАЛОН-ONLINE» можна скарыстацца з дапамогай планшэта і смартфона, устанавіўшы бясплатныя мабільныя дадаткі, створаныя на базе Android і iOS. Сацыяльныя сеткі дазваляюць НЦПІ інфармаваць грамадзян аб найбольш важных зменах у заканадаўстве. Такія ж мэты ставіць перад сабой і тэлевізійны праект “Кампетэнтна аб праве”, рэалізаваны на каналах “БелБізнэсЧэнел” і “МІР”.

— А за межамі Інтэрнэту, дзе можна атрымаць доступ да прававой інфармацыі?

Напрыклад, у бліжэйшай да вашага дома бібліятэцы. На базе публічных бібліятэк і іншых дзяржустановаў функцыянуюць каля 690 цэнтраў доступу да базы заканадаўства Беларусі. Наведаўшы дадзеныя цэнтры, можна скарыстацца дзяржаўнымі інфармацыйна-прававымі рэсурсамі, пазнаёміцца з друкаванай прадукцыяй Цэнтра (а гэта выданні Канстытуцый і кодэксамі Рэспублікі Беларусь, каментарыямі, зборнікі прававых актаў па самых актуальных тэмах), Нацыянальным рэестрам прававых актаў, якія дапамогуць знайсці кампетэнтныя адказы на прававыя пытанні. Цэнтры доступу да беларускага заканадаўства таксама створаны ў іншых дзяржавах.

— Раскажыце аб такіх цэнтрах. Для чаго яны ствараюцца за мяжой?

Сёння, калі большасць краінаў свету ўзаемадзейнічаюць адна з адной па многіх напрамках, калі знешняя палітыка накіравана на пашырэнне супрацоўніцтва, а людзі ўсё часцей выязджаюць за мяжу, узнікае ўсё больш прававых пытанняў у розных сферах дзейнасці. Ажыццяўляючы міжнароднае супрацоўніцтва, пашыраючы яго геаграфію, мы робім даступным беларускае заканадаўства для ўсіх, хто знаходзіцца за межамі нашай краіны. Акрамя таго, мы абменьваемся вопытам з замежнымі калегамі ў галіне прававой інфарматызацыі і распаўсюджванні прававой інфармацыі. Ужо створаны 21 цэнтр доступу да беларускага заканадаўства ў 14 краінах свету (Расіі, Чэхіі, Францыі, Пакістане, Кітаі і іншых.).

— Вы згадвалі такі прававы рэсурс, як Дзіцячы прававы сайт. Раскажыце больш падрабязна аб ім.

Мы ўпэўнены ў тым, што пазітыўны вобраз права і прававая адукаванасць павінны фарміравацца ў дзяцей са школьнага ўзросту. Так яны змогуць у будучым абараняць свае правы і выконваць абавязкі. Каб вывучэнне прававых пытанняў для школьнікаў не было сумным і складаным, НЦПІ створыў Дзіцячы прававы сайт. На ім даступна і цікава, простымі словамі выкладзена найбольш важная інфармацыя аб праве, а таксама мноства іншых карысных звестак. Самастойна або разам з бацькамі і настаўнікамі дзеці могуць пагуляць на сайце, прыняць удзел у конкурсах і віктарынах.

Для моладзі НЦПІ праводзіць азнаямленчыя экскурсіі, удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні канферэнцый, алімпіяд, семінараў і конкурсаў.

— 1 кастрычніка бягучага года Нацыянальнаму цэнтру прававой інфармацыі споўнілася 20 гадоў. Многае для забеспячэння даступнасці і якасці прававой інфармацыі ўжо зроблена. Якія планы ў Цэнтра на будучыню?

У планах — далейшае развіццё нашых рэсурсаў, удасканаленне і напаўненне іх, укараненне сучасных тэхналогій.

Мы і далей будзем выкарыстоўваць не толькі вынікі ўласных навукова-практычных распрацовак, але і замежны вопыт прававой інфарматызацыі і распаўсюджвання прававой інфармацыі. Працягнем работу па фарміраванні і выкарыстанні банкаў даных лакальных прававых актаў арганізацый, рэсурсаў правапрымяняльнага характару. Асаблівая ўвага будзе нададзена прававой асвеце і прававому інфармаванню шырокага кола грамадзян. Усё гэта дазволіць ім рэалізаваць іх права на атрыманне прававой інфармацыі, прымаць эфектыўныя рашэнні, якія не парушаюць заканадаўства.

Т. ГРЫЦУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *