На здароўе нам канікулы

Падзеі

Вялікая каштоўнасць для кожнага чалавека – здароўе. Выгадаваць дзіця моцным, дужым, здаровым – імкненне бацькоў і адна з галоўных задач, што стаяць перад установамі адукацыі.

Лепшая прапаганда здаровага ладу жыцця – заняткі фізкультурай і спортам.

Бадай, нішто так не збліжае вучняў, як сумесныя святы і забавы. У Казлоўшчынскай сярэдняй школе стала добрай традыцыяй ладзіць міжшкольныя спартыўныя святы, спартландыі, турніры.

На асенніх канікулах наша школа стала ініцыятарам чарговага спартыўнага турніру — «Канікулы на радасць». У спартыўнай зале школы сустрэліся 5 каманд: Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы, гімназіі №1 горада Дзятлава, Казлоўшчынскай сярэдняй школы і гасцей са Слонімшчыны — Навасёлкаўскай базавай школы.

Спартыўны запал і жаданне атрымаць перамогу для сваёй каманды захапілі дзяцей. Перамагчы імкнуліся ўсе. Атмасфера спартыўнага турніру была радасная, і ў той жа час напружаная, бо спаборнічалі моцныя каманды. У турніры па валейболе лепшай стала каманда дзяўчынак гімназіі №1 горада Дзятлава, другое месца заняла каманда Вензавецкай школы, трэцяе — Лявонавіцкай.

Няпроста было атрымаць перамогу ў спаборніцтвах па міні-футболе сярод юнакоў. Лідарамі сталі гаспадары турніру, другое месца — у гімназістаў, трэцяе – у гасцей з Навасёлкаў.

Усе каманды-ўдзельніцы былі адзначаны граматамі. Юныя спартсмены ў гэты дзень атрымалі зарад бадзёрасці і шмат станоўчых эмоцый. Турнір стаў святам спорту і здароўя. У зале панавалі смех, шум і весялосць.

Дырэктар установы Ігар Уладзіміравіч Данільчык прапанаваў удзельнікам турніру сустрэцца і ў час зімовых канікулаў. Дзеці падтрымалі прапанову апладысментамі.

— Каб здабыць перамогу, мала быць фізічна моцнымі, — зазначыў капітан каманды Казлоўшчынскай школы Арцём Налівайка. — Неабходна таксама мець сілу волі, быць арганізаванымі, знаходлівымі.

М. ЮРЧЫК,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя Казлоўшчынскай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *