Беларускія вучоныя распрацавалі каля 30 устройстваў для лазернай медыцыны

Падзеі

Беларускія вучоныя распрацавалі каля 30 устройстваў для лазернай медыцыны, паведаміў сёння журналістам дырэктар Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Казак у час VI Кангрэса фізікаў Беларусі.
«Лазерная фізіка — адзін з асноўных напрамкаў нашай дзейнасці, і ў гэтай сферы ў нас шмат дасягненняў. Напрыклад, мы актыўна працуем у галіне лазернай медыцыны і ўжо распрацавалі каля 30 розных устройстваў для тэрапіі розных захворванняў чалавека. Дасягнуты добрыя вынікі ў лячэнні жаўтухі ў нованароджаных, створаны адпаведны апарат. Выраблена каля 1,5 тыс. такіх апаратаў, яны ёсць у кожным радзільным доме Беларусі, акрамя таго, іх закупляе і Расія», — сказаў Мікалай Казак.
Таксама ён расказаў аб работах у галіне цвердацельных лазерных сістэм. «Мы распрацавалі шэраг такіх сістэм, якія знаходзяць прымяненне і ў грамадзянскіх, і ў ваенных мэтах. Яны карыстаюцца попытам. Мы пастаўляем такія лазерныя выпраменьвальнікі ў Расію, Украіну, Францыю, Германію, Італію, Рэспубліку Карэя, Кітай, ЗША. Прададзена ўжо такіх лазерных сістэм прыкладна на $500 тыс.», — адзначыў дырэктар інстытута.
Акрамя таго, Інстытут фізікі НАН праводзіць даследаванні ў галіне паўправадніковых лазераў і паўправадніковых асяроддзяў. «Мы нядаўна стварылі кластар, у які ўвайшлі ААТ «Інтэграл», «Планар», НДІ радыематэрыялаў, Інстытут фізікі НАН, а таксама БНТУ, БДУ і БДУІР. Думаю, на выстаўцы ў час II З’езда вучоных Беларусі ўжо можна будзе ўбачыць некаторыя нашы дасягненні», — дадаў Мікалай Казак.
Старшыня ГА «Беларускае фізічнае таварыства» Юрый Курачкін адзначыў, што ў час кангрэса праходзіць таксама XV Міжнародная канферэнцыя па квантавай оптыцы і квантавай інфарматыцы. Яна прысвечана пытанням традыцыйнай квантавай оптыкі, матэрыялам і прыборам квантавай оптыкі і квантавай інфарматыкі, распрацоўцы апаратных сродкаў для маштабіруемых квантавых камп’ютараў, квантавай памяці, узаемадзеянню паміж фатонамі і атамнымі кубітамі, квантавым алгарытмам, сістэмам квантавага размеркавання ключа ў оптавалакне. «У канферэнцыі і кангрэсе ўдзельнічае некалькі дзясяткаў замежных вучоных, у тым ліку з Расіі, Германіі, Румыніі», — адзначыў ён.
VI Кангрэс фізікаў Беларусі праходзіць у Мінску 21-23 лістапада. Яго ўдзельнікі абмяркоўваюць стан і развіццё фізічнай навукі і фізічнай адукацыі ў Беларусі. У праграме — даклады вядучых вучоных па напрамках аптычнай навукі, ядзернай фізікі і энергетыкі, дыскусіі аб павышэнні ролі фізікі і фізічных ведаў у жыцці грамадства і дзейнасці людзей. Адна з тэм — уплыў рэзультатаў фізічных даследаванняў, у тым ліку ў галіне оптыкі, лазернай фізікі, на эканоміку краіны. У рабоце форуму прымаюць удзел вядомыя фізікі Беларусі, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, навучальных устаноў рэспублікі, вядучыя вучоныя многіх краін, прадстаўнікі міжнароднай лазернай асацыяцыі, аптычных і фізічных таварыстваў замежных дзяржаў, беларускай замежнай дыяспары.
Арганізатары кангрэса — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут фізікі НАН, Міністэрства адукацыі, БДУ, ГА «Беларускае фізічнае таварыства» і Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *