Акадэмік з вёскі Кузьмічы

Падзеі

Праўду кажуць: чым больш адукаваны і інтэлігентны чалавек, тым прасцей з ім весці дыялог. Гэтыя мудрыя словы нібыта сказаны пра нашага земляка, акадэміка Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Аляксандра Іванавіча Лакотку.

Сёлетні Год навукі даў нашаму музею штуршок для пошуку землякоў — людзей навукі. Пра Аляксандра Іванавіча ўжо былі матэрыялы, сабраныя некалькі гадоў таму, ёсць у музейным сховішчы і кнігі вучонага. Аднак захацелася сустрэцца з ім асабіста, пагутарыць, а заадно і папоўніць музейны фонд.

Знаёмства з акадэмікам пачалося з Інтэрнэту, з пошуку матэрыялаў пра яго. Ёсць там артыкулы і кнігі вучонага, фотаздымкі, знайшліся і кантакты. Напісалі электронны ліст. На наступны дзень патэлефанавала загадчыца аддзела кадраў і паведаміла, што Аляксандр Іванавіч даручыў ёй падрыхтаваць усё неабходнае для музея. А на пачатку кастрычніка пашчасціла сустрэцца з самім акадэмікам у яго рабочым кабінеце. І хоць чалавек ён заняты, але гутарыла з ім цэлую гадзіну, нават і не заўважыла, калі тая гадзіна прабегла. Уражанне ад асобы было выключнае: незвычайная тактоўнасць, абаяльнасць, шчырасць.

Хто ж ён такі, Аляксандр Іванавіч Лакотка, і якім чынам звязаны з нашай Дзятлаўшчынай?

Нарадзіўся Саша Лакотка ў вёсцы Кузьмічы Дзятлаўскага раёна 21 студзеня 1955 года. Бацькі працавалі тут настаўнікамі. Маці хлопчыка руская, са Смаленшчыны, выкладала нямецкую мову. Бацька беларус, працаваў настаўнікам рускай мовы. У Кузьмічах маладая сям’я доўга не затрымалася, пераехала ў Дварэц. Пра Дварэц у памяці Аляксандра Іванавіча захавалася шмат цёплых успамінаў: старыя будынкі, дамы-лаўкі, у якіх шмат што прадавалася, царква і касцёл, вадзяны млын, каля якога любілі гуляць дзеці, завулак, у якім сям’я здымала кватэру, рэчка Моўчадзь. Ці не там, у Дварцы і яго ваколіцах, зарадзілася прага да спасціжэння народнай спадчыны, любоў да землякоў і жаданне служыць свайму народу?

Бацькі пераязджалі яшчэ некалькі разоў. Спачатку на радзіму маці, потым у Слуцкі раён, у вёску Навабелічы, у новую школу. Тут Саша атрымаў сярэднюю адукацыю.

Пасля школы паступіў у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, які скончыў у 1977 годзе. Працаваў архітэктарам у навукова-даследчым і праектным інстытуце, кіраўніком архітэктурна-рэстаўрацыйнай майстэрні Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута, намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быту, загадчыкам аддзела архітэктуры і намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы, дырэктарам гэтага інстытута. З’яўляецца віцэ-прэзідэнтам секцыі архітэктуры і дызайна Міжнароднай арганізацыі па народнай творчасці ЮНЕСКА, членам еўрапейскага Савета па культуры, рэспубліканскага навукова-метадычнага Савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Аляксандр Іванавіч Лакотка — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар, член Саюза архітэктараў Беларусі.

Дыяпазон інтарэсаў таленавітага вучонага вельмі шырокі. Акадэмік мае навуковыя працы ў галіне тэорыі і гісторыі архітэктуры, аховы і рэстаўрацыі архітэктурнай спадчыны, даследаваў агульныя і рэлігійныя асаблівасці беларускага народнага дойлідства, нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры.

Аляксандр Іванавіч адшукаў вялікую колькасць помнікаў народнага дойлідства, што дало штуршок для стварэння з яго ўдзелам адзінага ў рэспубліцы музея пад адкрытым небам у Строчыцах. Як паведаміў сам суразмоўца, працаваў над гэтым праектам каля дзесяці гадоў. З’яўляецца навуковым рэдактарам і аўтарам раздзелаў шматтомнага выдання “Архітэктура Беларусі”, навуковым рэдактарам шматтомніка “Гарады і вёскі Беларусі”.

Асабіста мяне ўразіла кніга “Саборы помняць усё”, у якой акадэмік А. Лакотка выступае не толькі як вучоны, але і як патрыёт сваёй краіны, чалавек з адкрытай душой, які піша не для аднаго пакалення. Вялікая праца Аляксандра Іванавіча ўражвае. Адкуль час і сілы для такой працы пры неймавернай занятасці кіраўніка трох аб’яднаных інстытутаў?

— Пішу кнігі ў час адпачынку, — дзеліцца акадэмік. — Спачатку доўга збіраю матэрыял, часам выкарыстоўваю тое, што захоўваў некалькі дзясяткаў гадоў, яшчэ з таго часу, калі шмат падарожнічаў па Беларусі. Потым адасабляюся і пішу. Калі трэба адпачыць, пераключыцца, пачынаю маляваць. Гэта маё хобі.

Сапраўды, у кабінеце вісяць графічныя работы Аляксандра Іванавіча — выявы архітэктурных помнікаў, роднай вёскі. Паабяцаў ён падарыць некалькі работ і нашаму музею.

У Аляксандра Іванавіча цудоўная сям’я аднадумцаў: жонка Святлана Аляксандраўна, сыны Аляксей і Яўген, таксама архітэктары. Ёсць і любімыя ўнукі — Андрэй і Стэфанія.

Вось такі ён — акадэмік Аляксандр Іванавіч Лакотка, наш зямляк, які вельмі любіць родны край, часта бывае на Свіцязі, рыбак, калі ёсць такая магчымасць, грыбнік.

А яшчэ карцела задаць пытанне, ці ёсць у яго жыцці мэта, ідэя, якой Аляксандр Іванавіч служыць. І атрымала наступны адказ:

— Хачу як мага больш зрабіць для захавання нацыянальных традыцый у сучаснай архітэктуры і мастацтве.

І няхай Бог дае нашаму земляку здароўе і сілы для здзяйснення задуманага.

А. АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *