Начныя замаразкі чакаюцца ў асобных раёнах Беларусі ў другой палавіне тыдня

Да ведама грамадзян

Начныя замаразкі чакаюцца ў асобных раёнах Беларусі ў другой палавіне тыдня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова. «У апошні працоўны тыдзень верасня захаваецца антыцыкланальны характар надвор’я. Ападкі малаверагодны, але тэмпературны фон будзе паступова паніжацца, і ў другой палавіне тыдня ў асобных раёнах Беларусі чакаюцца начныя замаразкі», — сказала сіноптык. У аўторак, 26 верасня, ападкі ў Беларусі не чакаюцца. Тэмпература паветра раніцай складзе 5-11 градусаў вышэй за нуль. У дзённы час паветра будзе прагравацца, у другой палавіне дня тэмпература дасягне 15-21 градус. У сераду будзе таксама без ападкаў, але чакаецца больш халоднае надвор’е. Тэмпература паветра ўначы апусціцца да 2-9 градусаў, удзень складзе 12-18 градусаў цяпла. «У чацвер істотных ападкаў па краіне не чакаецца, але паветра будзе паступаць больш халаднаватае і вільготнае, таму ўначы і раніцай месцамі чакаецца слабы туман», — адзначыла Святлана Рыбакова. Тэмпература паветра ў ранішні час складзе 2-7 градусаў вышэй за нуль, у асобных раёнах Беларусі чакаюцца слабыя замаразкі да нуля — мінус 2. Удзень тэмпература будзе не вышэй за 9-16 градусаў. У пятніцу, 29 верасня, будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 1-7 градусаў вышэй за нуль, месцамі чакаюцца замаразкі да нуля — мінус 3. Удзень будзе 9-16 градусаў цяпла.
БелТА


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *