Крадуць і хуліганяць

Здарэнні і бяспека

З чэрвеня 2017 года на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна вырасла колькасць крадзяжоў.

Так, у ноч на 4 чэрвеня злодзей залез праз акно ў адну з хат вёскі Капці, адкуль скраў электрачайнік, флягу, прадукты харчавання, якія пазней былі знойдзены недалёка ад хаты.

10 чэрвеня была ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу з яшчэ адной хаты ў гэтай жа вёсцы чатырох бутэлек гарэлкі, электраліхтароў, дарожнай сумкі, чамадана, сакваяжа. Зламыснік таксама залез праз акно.

Яшчэ адна крымінальная справа за крадзеж узбуджана на раней судзімага жыхара вёскі Драбавічы. У стане алкагольнага ап’янення 22 чэрвеня на стадыёне гарпасёлка Казлоўшчына ён забраў сабе 105 рублёў, якія выпалі з кішэні жыхара вёскі Самойлаўшчына.

30 чэрвеня з незачыненай шафы бытавога памяшкання жывёлазабойнага цэха прапалі 115 рублёў, вадзіцельскае пасведчанне і дакументы на машыну, якія належалі аднаму з работнікаў арганізацыі.

30 ліпеня на хутары Рыбакі злодзей скарыстаўся ключом ад хаты, які ляжаў ва ўмоўным месцы. Пакуль гаспадар адсутнічаў, скраў веласіпед, прадукты харчавання і дарожную сумку.

Гэта не ўсе крадзяжы, якія адбыліся летам на тэрыторыі нашага раёна. Міліцыя нагадвае, што, паводле артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, крадзеж караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі да 2 гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі да 3 гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

За паўторны крадзеж ці ўчынены групай асобаў, ці з пранікненнем у жыллё вінаватага чакае штраф, або папраўчыя работы да 2 гадоў, або арышт, або абмежаванне волі да 4 гадоў, або пазбаўленне волі на такі ж тэрмін.

Крадзеж, учынены ў буйным памеры, караецца пазбаўленнем волі ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.

Крадзеж, учынены арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры караецца пазбаўленнем волі ад 3 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Таксама адзначаецца павелічэнне колькасці хуліганстваў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.

Так, ноччу 4 чэрвеня на вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве беспрацоўная жыхарка Драбавічаў у стане алкагольнага ап’янення прайшлася па капоце аўтамабіля «Мерсэдэс» і пашкодзіла яго. Шкода ацэнена ў 281 рубель. Узбуджана крымінальная справа.

22 ліпеня ў стане алкагольнага ап’янення раней судзімы жыхар гарпасёлка Казлоўшчына наўмысна біў рукамі і нагамі па машыне, якая стаяла на абочыне дарогі паблізу вёскі Падвялікае. На гэтым зламыснік не спыніўся і напаў на жыхара вёскі Дзянісава. Узбуджана крымінальная справа.

Адказнасць за наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выражаюць яўную непавагу да грамадства, суправаджаюцца выкарыстаннем гвалту або пагрозамі яго выкарыстання, або пашкоджаннем ці знішчэннем чужой маёмасці, або вылучаюцца выключным цынізмам, вызначана артыкулам 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (хуліганства). Вінаватыя караюцца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі да 2 гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі да 2 гадоў, або пазбаўленнем волі да 3 гадоў.

За хуліганства, учыненае паўторна, або групай асобаў, або з супраціўленем асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, або з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання (злоснае хуліганства) — арышт, або абмежаванне волі да 3 гадоў, або пазбаўленне волі ад года да 6 гадоў.

Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя з выкарыстаннем зброі, іншых прадметаў, якімі карысталіся для нанясення цялесных пашкоджанняў, з выкарыстаннем выбуховых рэчываў, прыстасаванняў, прадметаў, разбуральнае дзеянне якіх звязана з выкарыстаннем гаручых рэчываў, або з пагрозай іх выкарыстання, пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства (асабліва злоснае хуліганства) караюцца абмежаваннем волі ад 3 да 5 гадоў або пазбаўленнем волі ад 3 да 10 гадоў.

А. БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *