Ці бываюць святары дрэннымі?

Падзеі

Часта можна пачуць шмат з’едлівых словаў пра цяперашняе духавенства. То ўзяў шмат за трэбы, то на машыне ездзіць дарагой і апранаецца па апошнім піску моды, то крычыць за набажэнствам на таго, хто правініўся, не адыходзячы ад прастола. Цяжка нам зразумець і прабачыць крыўдзіцелю, калі ён з’яўляецца нашым блізкім ці знаёмым. Яшчэ складаней, калі чалавек, які прынёс нам душэўныя турботы і пазбавіў унутранага спакою, з’яўляецца святаром.

Калі я толькі стаў наведваць царкву, мне часта даводзілася бачыць, як святар, у царкву якога я хадзіў, за любы промах зрываў гнеў на тых, хто прыслугоўваў у алтары. Аднойчы нават стаў сведкам таго, як у час споведзі святар ад злосці так пляснуў рукой па аналоі (высокі столік з пакатым верхам, на які ў царкве кладуць абразы, кнігі), што ледзь не звалілася Евангелле. Людзі, хто са здзіўленнем, хто з жахам, хто з яхіднай усмешкай, назіралі, як святар адчытваў грэшніка. Ці многія ў той момант паспрабавалі неяк апраўдаць святара? Назіраючы за тым, што адбывалася, мне было няўтульна, хацелася выйсці з царквы і больш не падыходзіць пад благаславенне.

Але не ўсе пастыры аднолькавыя. Сярод святароў ёсць і такія, гледзячы на якіх, душа сама мяняецца, у людской марнасці і азлобленасці шукае Бога, імкнецца да святасці. Для іх няма «сваё-чужое», яны раздзяляюць і нягоды сваіх прыхаджан, перажываюць за кожнага чалавека, працуюць нароўні з паствай і не лічаць гэта ганебным. Праблемы, з якімі прыходзяць вернікі, з гэтым святаром вырашаюцца лягчэй, а недахоп увагі не адчуваецца. У кожнага чалавека ёсць свой любімы «бацюшка», якому хочацца раскрыцца, прызнацца ў самых таемных і страшных грахах. У сапраўднага пастыра нават той, хто адышоў ад царквы, ізноў знаходзіць веру і становіцца хрысціянінам.

Аднойчы ў цырульні я быў моцна азадачаны пытаннем: «Скажы, ці можна наведваць не тую царкву, прыхаджанінам якой ты з’яўляешся па месцы жыхарства, а іншую, за дваццаць-трыццаць кіламетраў?». На той момант я вучыўся на чацвёртым курсе семінарыі. Некаторыя пытанні практычнага плану мы абмяркоўвалі на лекцыях. Распытаўшы жанчыну, я даведаўся, што яна не можа наведваць бліжэйшую царкву. Святар, да якога яна павінна была б хадзіць, выклікае ў яе агіду. Растлумачыў ёй, што гэта няправільна, але ў адказ пачуў, што яна гатова пакаяцца ў гэтым, калі гэта грэх, але свайго рашэння не зменіць.

Я ведаю яшчэ адзін выпадак, калі жанчына, нягледзячы на адлегласць, хадзіла ў далёкі храм. Прычынай сталі грубыя адносіны работнікаў у храме. Яе заплаканыя вочы ў час аповеду ўспамінаю дагэтуль. З яе словаў, яна прыйшла на святочнае набажэнства без хусткі, у джынсах. Жанчына, якая прадавала свечкі, здавалася, толькі і чакала, каб “пачысціць” новую прыхаджанку па поўнай праграме. Дзяўчына пачырванела, на вачах выступілі слёзы. Але бабулька на касе не супакойвалася да таго часу, пакуль «страшная грэшніца» не выбегла з храма. Ноччу жанчыне, якая прадавала свечкі, з’явілася Сама Прасвятая Багародзіца, якая расказала, што дваццаць гадоў працавала для таго, каб паклікаць душу гэтай дзяўчыны ў храм.

Наведваючы адзін храм, спавядаючыся ў аднаго святара, ёсць вялікая верагоднасць атрымаць правільнае навучанне, як паступіць у той ці іншай сітуацыі. Часта людзі гатовы ляцець на край свету для таго, каб вырашыць пытанне, якое іх хвалюе. У 90-я гады мінулага стагоддзя асаблівай папулярнасцю карыстаўся старац протаіерэй Мікалай Гур’янаў, які жыў на востраве Заліт. Дабрацца да месца, дзе жыў праведнік, было вельмі складана, але гэта не спыняла паломнікаў. Расказваюць, што, калі да яго аднойчы прыехала жанчына атрымаць параду, ён спытаў, ці звярталася яна да свайго святара. Тая адказала, што не, і ён параіў не грэбаваць парадамі свайго настаяцеля і, перш чым шукаць сабе старца, звярнуцца да святара.

Часта мы забываем, што, рэгулярна спавядаючыся, давяраючы на споведзі свае думкі і сумненні пасрэдніку паміж Богам і чалавекам, той, хто спавядае, можа дапамагчы нам вырашыць праблему. Для гэтага не трэба ехаць у святыя месцы, шукаць старцаў, траціць сілы і нервы. Прадпісанняў, каб вернік наведваў абавязкова толькі тую царкву, якая знаходзіцца побач з домам, няма. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што чалавеку не заўсёды будзе проста дабірацца ў храм. Хадзіць у царкву трэба кожную нядзелю і ў святочныя дні. У 80-м правіле шостага Усяленскага сабора сказана: «Той, хто пакінуў царкву на працягу трох нядзельных дзён без важнай патрэбы ці якой перашкоды, клірык вывяргаецца, а міранін адлучаецца ад царквы».

І. ЗІНЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *