Grande Educador Ігнат Дамейка

Падзеі

Ігнат Дамейка – сусветна вядомы вучоны і грамадскі дзеяч, чалавек энцыклапедычных ведаў — геолаг, фізік, хімік, біёлаг, географ, батанік, металург, этнограф, мовазнаўца, педагог, рэфарматар адукацыі. Ён лідзіруе па колькасці найменняў у яго гонар сярод ураджэнцаў Беларусі. Асабліва яго шануюць у далёкай паўднёваамерыканскай краіне Чылі: горад Дамейка, бібліятэка яго імя ў Сант’яга-дэ-Чылі, вуліцы Дамейкі ў 10 чылійскіх гарадах, чыгуначная станцыя і нават адзін з галоўных хрыбтоў Кардыльераў называюць Кардыльера Дамейка. А яшчэ існуе астэроід Дамейка, музычны ансамбль “Конекшн Дамейка”, мінерал дамейкіт бэта, знойдзены ў Іране. У сталіцы Чылі ўстаноўлены помнік Грандэ Эдукатору (Вялікаму Асветніку), а ў доме, дзе жыў Ігнат Дамейка, створаны музей.

Нарадзіўся Ігнат Дамейка на Навагрудчыне, у маёнтку Мядзвядка. Бацька Ігната – Іпаліт займаў пасаду прэзідэнта Навагрудскага земскага суда. Памёр рана, калі Ігнату было толькі сем гадоў. Пасля яго смерці, у 1809 годзе, апеку над дзецьмі ўзялі браты бацькі — Ігнат і Юзаф. Менавіта Юзаф, які скончыў горнае вучылішча, прывіў маленькаму Ігнату любоў да мінералогіі. Пасля завяршэння вучобы ў Шчучыне ў калегіуме, Дамейка паступіў ў Віленскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт і атрымаў ступень магістра матэматыкі.

Ва ўніверсітэце завязалася яго сяброўства з Адамам Міцкевічам, якое будзе доўжыцца доўгія гады. Ігнат дапамагаў перапісваць начыста Адаму Міцкевічу рукапіс паэмы “Пан Тадэвуш”. У падзяку за гэта паэт паднёс яму першы асобнік першага выдання паэмы.

Пад мянушкай Жэгота (пад ёй Ігнат Дамейка пазней увайшоў у паэму Міцкевіча “Дзяды”) разам з Янам Чачотам,  Адамам Міцкевічам Ігнат наведваў сходкі тайнага студэнцкага таварыства філаматаў. Восенню 1923 года быў арыштаваны па справе філаматаў і кінуты ў турму. Дзякуючы хадайніцтву свайго ўплывовага дзядзькі Юзафа, яму ўдалося пазбегнуць высылкі. Аднак прыйшлося пераехаць жыць пад наглядам паліцыі спачатку ў маёнтак дзядзькі “Заполле” (цяпер Лідскі раён), а затым у Жыбуртоўшчыну. Там Ігнат Дамейка пражыў шэсць гадоў, паспяхова займаючыся сельскай гаспадаркай.

Пасля ўдзелу ў паўстанні 1831 года вымушаны быў збегчы за мяжу і разам з А. Міцкевічам апынуўся ў Парыжы. Там ён працягнуў вучобу, атрымаў дыпломы Сарбоны, Парыжскай горнай школы. На радзіму Дамейка вярнуцца не мог, паколькі не толькі Ўваходзіў у таемнае таварыства, але і цэлы год ваяваў у паўстанцкай арміі.

Адам Міцкевіч дапамог свайму сябру заключыць кантракт з адной з чылійскіх горназдабываючых кампаній тэрмінам на шэсць гадоў. Замест шасці гадоў, Дамейка правёў у Чылі больш за паўстагоддзя, і гэтая краіна стала для яго другой радзімай.

Бліскуча выканаўшы ўмовы першага кантракта, Ігнат Дамейка прадоўжыў навукова-даследчую дзейнасць і ў 1867 годзе стаў рэктарам нацыянальнага ўніверсітэта ў Сант’яга. Яго творчая энергія была невычарпальная: ён арганізаваў курсы фізікі і хіміі для моладзі, хімічную і горную лабараторыі, паклаў пачатак стварэнню бібліятэк, розных калекцый, службы метэаралогіі. З яго імем звязана распрацоўка навуковай асновы эксплуатацыі прыродных багаццяў Чылі. Ён не толькі арганізоўваў экспедыцыі, але і сам шэсць разоў здзяйсняў цяжкія ўзыходжанні ў горы. Дамейка шукаў і знаходзіў новыя крыніцы сыравіны, даследаваў вулканы, адкрываў новыя мінералы і расліны.

Вынікі сваіх пошукаў і знаходак Ігнат Дамейка выклаў у 130 навуковых працах, апублікаваных на многіх мовах. Яны прынеслі яму сусветную славу. Аўтарытэт дона Ігнацы, як яго шаноўна называлі чылійцы, быў беспярэчны.

І толькі ва ўзросце 82 гадоў Ігнату Дамейку ўдалося ўбачыць зноў мясціны, дзе прайшлі яго маленства і юнацтва. Ён пабыў у Мядзвядцы, чатыры гады пражыў у Жыбуртоўшчыне, доме зяця і дачкі, некалькі разоў наведаў магілы сваіх бацькоў. Неаднаразова ездзіў у Парыж і Рым, наведаў Кракаўскі ўніверсітэт, які прысвоіў яму ганаровае званне доктара медыцыны.

Здзейсніўшы поломніцкую паездку ў Святую зямлю, летам 1888 года Ігнат Дамейка вярнуўся на сваю новую радзіму – у Чылі. Гэта было апошняе падарожжа. 23 студзеня 1889 года яго не стала. Дзень пахавання быў абвешчаны ў Чылі днём нацыянальнай жалобы. На пахаванні выступіў прэзідэнт краіны, які абвясціў Ігната Дамейку нацыянальным героем Чылі.

Нашчадкі Дамейкі з Францыі, Польшчы, Аўстраліі прыязджалі ў Беларусь наведаць малую радзіму свайго знакамітага продка ў дні юбілею, у 2002 годзе, калі па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася 200-годдзе вучонага. І вось  новая сустрэча: 215-годдзе з дня нараджэння Ігната Дамейкі і Міжнародная навуковая канферэнцыя па геалогіі сталі нагодай сабрацца на радзіме Дамейкі.

І. Іванава

На фотаздымку: Ігнат Дамейка. Аўтар карціны Мікалай Несцярэўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *