Удасканалены парадак атрымання адраснай дапамогі

Падзеі

З 1 ліпеня 2017 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да 15 чэрвеня 2017 года №211 «Аб удасканаленні парадку прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі». Гэты нарматыўна-прававы акт прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе» ад 19 студзеня 2012 года №41.

Дакумент скіраваны на павышэнне ўзроўню сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стварэнне адзінай сістэмы забеспячэння грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. У прыватнасці, спрашчаецца парадак забеспячэння тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў 3 групы і дзяцей, якія не прызнаны інвалідамі, але маюць патрэбу ў такіх сродках. За атрыманнем неабходных сродкаў рэабілітацыі гэтыя катэгорыі грамадзян будуць звяртацца непасрэдна ў Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр або ў дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя (у залежнасці ад неабходных тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі).

Указам прадастаўляецца магчымасць выкарыстання сацыяльнай дапамогі не толькі для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў, але і на кампенсацыю затрат на набыццё ўпітваючых трусікаў, упітваючых прасцінаў (пялюшак), уралагічных пракладак (укладышаў).

Па рашэнні камісіі дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі цяпер можа прадастаўляцца на перыяд звыш 6 месяцаў (аднак не больш за 12месяцаў) сем’ям, якія гадуюць дзяцей, калі абодва бацькі ў поўнай сям’і або адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і з’яўляюцца інвалідамі 1 ці 2 групаў, а таксама, калі адзін з бацькоў у поўнай сям’і з’яўляецца інвалідам 1 групы, а другі ажыццяўляе догляд за ім і атрымлівае дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам.

У выпадку, калі ёсць падставы лічыць, што дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе штомесячнай або аднаразовай дапамогі можа быць выкарыстана не па прызначэнні, або бацькі ажыццяўляюць неналежны догляд за дзецьмі, указам замацоўваецца магчымасць яе пералічэння на рахунак арганізацый, у якіх набываюцца тавары (паслугі першай неабходнасці). Пад паслугамі першай неабходнасці маюцца на ўвазе сацыяльныя паслугі, паслугі па выкананні рамонтных работ у жылым памяшканні, у тым ліку па рамонце пячнога ацяплення, сантэхнічнага, газавага, электрычнага абсталявання, а таксама па замене (набыцці) аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і іншыя.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама па адрасе: горад Дзятлава, вуліца Кастрычніцкая, 56, кабінет 2 або па тэлефоне 2-15-86.

Н. ЧАРНЯК,
галоўны спецыяліст ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *