Слонімская МРІ інфармуе. Працягваецца сезон палявання

Падзеі

Да 30 верасня працягваецца паляванне па разавых дазволах і паляўнічых пуцёўках да іх на дзіка (дарослыя самцы старэйшыя за 2 гады, маладняк да 2 гадоў любога полу). Спосаб палявання — ружэйны з засады, з падыходу. Дазволена выкарыстоўваць пры правядзенні дадзенага палявання: для дарослых самцоў, старэйшых за 2 гады — наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўляў, гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў з куляй, паляўнічыя лукі і арбалеты; для маладняку да 2 гадоў — наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў, гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў з куляй ці карцеччу, паляўнічыя лукі і арбалеты.

Па 30 верасня працягваецца паляванне на казулю еўрапейскую (дарослыя самцы трафейнай якасці і селекцыйныя жывёлы любога полу і ўзросту). Спосаб палявання — ружэйны з засады, з падыходу. Пры паляванні на казулю еўрапейскую дазваляецца выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў, гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў з куляй ці карцеччу, паляўнічыя лукі і арбалеты.

З 20 жніўня па 30 верасня адкрыецца паляванне на лася, аленя высакароднага, аленя плямістага, лань. Да здабычы дазволены дарослыя самцы, селекцыйныя жывёліны любога полу і ўзросту. Спосаб палявання — ружэйны з засады, з падыходу. Пры паляванні дазваляецца выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўляў, гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў з куляй, паляўнічыя лукі і арбалеты.

З 12 жніўня адкрываецца летне-восеньскі сезон палявання на дзічыну вадаплаўную (акрамя гусей) і балотную, вальдшнэпа, вяхіра, галуба шызага, перапёлку, фазана. Да здабычы дазволены жывёліны любога полу і ўзросту. Спосаб палявання — ружэйны з засады, з падыходу, з пад’езду з маламерных суднаў. Пры паляванні дазваляецца выкарыстоўваць:

  • гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў з шротам;
  • паляўнічых сабак (усе групы, акрамя ганчакоў і хартоў);
  • маламерныя судны без рухавіка або з непрацуючым рухавіком.

Дазваляецца прымяненне на паляванні паляўнічых нажоў, асвятляльных прыбораў, аптычных, каліматарных і іншых прыцэлаў і прыцэльных прыстасаванняў для зброі, бінокляў, прыбораў і прыцэлаў начнога бачання, сігнальных сродкаў, у тым ліку сігнальнай зброі, сродкаў камунікацыі і сувязі, падсадных жывёлін, пудзілаў, профіляў, манкоў, прыманак і іншых сродкаў падманвання паляўнічых жывёлін, акрамя выпадкаў, прадугледжаных у правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання.

Для выяўлення фактаў парушэння правілаў паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі, палявання і рыбалкі, з мэтай хуткага і аператыўнага рэагавання па затрыманні правапарушальнікаў у Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуюць тэлефоны даверу (8-01562) 2-63-65, (8-029) 6501951 (мабільны Velcom), па якіх можна паведаміць аб вядомых парушэннях у галіне аховы і выкарыстання жывёлін, якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, а таксама драўнінна-хмызняковай расліннасці і дзікарослых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў нарыхтоўчых мэтах, у паляўнічых, рыбалоўных угоддзях, на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. У зону адказнасці інспекцыі ўваходзяць Слонімскі, Дзятлаўскі і Зэльвенскі раёны.

Ананімнасць атрыманай інфармацыі гарантуем.

Г. ШЛЫКОВІЧ,
начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *