Вас памятае свет уратаваны. Памяць і боль беларускага народа

Важнае Грамадства

Ва ўсіх школах Беларусі 7 і 8 мая праходзяць адзіныя ўрокі, прысвечаныя Дню Перамогі.

На адным з іх у Гезгалаўскай сярэдняй школе пабывалі намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч і метадыст раённага метадычнага кабінета Кацярына Гайдук.

Гасцей вучням і настаўнікам прадставіў дырэктар установы Эдуард Ненартовіч.

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Святлана Малышка, якая вяла ўрок, нагадала навучэнцам, што сёлета наша краіна адзначае важную дату – 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Святлана Іванаўна падкрэсліла, што гэта вайна не абышла ні адну беларускую сям’ю, а таму памяць аб героях і загінулых – гэта памяць усенародная. Яна нагадала, што Беларусь адной з першых прыняла на сябе масіраваны ўдар праціўніка і стала арэнай самых буйных бітваў. Першымі наступленне ворага гераічна адбівалі гарнізоны Брэсцкай крэпасці.

Навучэнцы і настаўніца “прайшлі па слядах тых падзей” і ўзгадалі самыя вядомыя ў Беларусі мемарыялы і музейныя комплексы, коратка агучыўшы іх гісторыю, у тым ліку прагарталі трагічныя старонкі ваеннага ліхалецця на Дзятлаўшчыне пры акупацыі, назвалі спаленыя вёскі, памятныя мясціны раёна.

Гісторыю свайго роду, які таксама пацярпеў ад вайны, расказала настаўніца Святлана Юргілевіч.

Успамінамі, пачутымі ад старэйшых сваякоў, падзяліліся і самі навучэнцы.

Затым пры падтрымцы педагогаў хлопчыкі і дзяўчынкі змайстравалі сімвалы памяці – белых журавоў, напісалі на іх пажаданні і на школьнай дошцы разам з гасцямі “адпусцілі клін у палёт”. У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і юбілей 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў удзельнікі гэтага флэш-моба памяці збіраюцца знайсці кожны свайго журавельчыка і агучыць напісаныя пажаданні.

Аб новых фактах, выяўленых пры расследаванні крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, расказаў намеснік пракурора Сяргей Аляшкевіч.  Нагадаў, што ў маі 2021 года з ініцыятывы Генпракуратуры быў прыняты Закон “Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму”, а ў студзені 2022-га – Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”, якія сталі своеасаблівым прававым бар’ерам на шляху спробаў фальсіфікацыі гістарычнай праўды і памяці.

– Пад рэдакцыяй Генпракуратуры надрукаваны зборнік “Генацыд беларускага народа”, па выніках расследавання крымінальнай справы свет убачыў зборнік “Генацыд беларускага народа: лагеры смерці”, дзе прадстаўлены раней невядомыя звесткі аб месцах прымусовага ўтрымання людзей у гады акупацыі. З расследаваннем крымінальнай справы цяпер можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Генпракуратуры, дзе размешчана актуальная інфармацыя. Гэта расследаванне з’яўляецца данінай памяці загінулых і спрыяе захаванню гістарычнай праўды. Мы павінны памятаць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і подзвігах продкаў, – падрахункаваў сваё выступленне Сяргей Аляшкевіч.

Школьнае юнацтва і перамогу ў конкурсе чытальнікаў з вершам “Юнак быў з-пад Слоніма родам” узгадала Кацярына Гайдук. Яна прачытала прысутным гэты глыбокі і эмацыйны літаратурны твор, які прагучаў, як высокі акорд на завяршэнне ўрока.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ



Теги: