У Вензаўцы адбылося раённае Свята касцоў (частка 1-я)

Падзеі

Нядзельным днём, 18 чэрвеня, на свята касцоў запрасіў аграгарадок Вензавец.

На пачатку мерапрыемства госці свята і мясцовыя жыхары мелі магчымасць паслухаць паданні пра Вензавец і яго наваколле. А Вензавецкая школа прапанавала пазнаёміцца з экспанатамі музея пад адкрытым небам, сярод якіх рэчы з ужытку касцоў – даўнейшая каса, рэзгіны, конскія путы, разнастайныя жбаны для вады і квасу, а таксама люлька з лазы, лапці. Школьнікі распачалі свята сцяг-шоу, а затым саступілі сцэну маленькім танцорам з садка. Пад песню “Касіў Ясь канюшыну”  хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі прысутным, і найперш матулям і бабулям, якія актыўны іх фатаграфавалі, танцавальныя здольнасці. Дзятва задала тон святу.Пажадаў добра адпачыць дарослым і дзецям старшыня Вензавецкага сельвыканкама Алег Шымко. Ён параіў удзельнікам спаборніцтваў касцоў паказаць сваё майстэрства. Далучыўся да пажаданняў кіраўнік КСУП “Вензавец” Ігар Гульнік. У яго была яшчэ і прыемная місія – уручыць грашовыя падарункі ветэранам сельскагаспадарчай працы, якія і на пенсіі працягваюць вынікова і старанна працаваць. Гэта Зоя Іванаўна Лукашэвіч, Тамара Фёдараўна Жамойдзік, Алена Канстанцінаўна Гамарц, Іван Мікалаевіч Каракулька. Падзяку за працу і віншаванні з днём нараджэння атрымаў Валянцін Міхайлавіч Міхайлоўскі, у якога адзіны запіс ў працоўнай кніжцы – вадзіцель калгаса “Чырвоны Кастрычнік”(цяперашні КСУП “Вензавец”).У час такіх сельскіх святаў пачалі ўшаноўваць і шматдзетныя сем’і, найперш матуляў за іх штодзённую працу па выхаванні дзяцей. Падарунак Наталлі Горбач уручыла старшыня Вензавецкай школьнай пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталля Тамашова. Бацькам – Наталлі і Аляксандру Горбачам — прыемна, што пра іх дзетак кажуць: працавітыя, спартыўныя. А ў іх сям’і  падрастае чацвёра хлопчыкаў і дзяўчынак – Павел, Каця, Максім і Віка.       І. Міхайлоўская.

Фота Б. Варны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *