Стаць фермерам

Падзеі

На 1 студзеня 2017 года ў Дзятлаўскім раёне зарэгістраваны 12 сялянскіх фермерскіх гаспадарак. У 2017 годзе зарэгістраваны яшчэ дзве гаспадаркі, якія маюць намер займацца развядзеннем і вырошчваннем буйной рагатай жывёлы.

За фермерскімі гаспадаркамі замацаваны 329 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, з іх 222 гектары – ворыва. У фермерскіх гаспадарках працуюць 14 чалавек.

Асноўнымі кірункамі гаспадарчай дзейнасці фермерскіх гаспадарак у 2016 годзе былі: вырошчванне зерневых культур, лёну, бульбы, агародніны, лекавых траваў, эфіраалейных культур, вырошчванне буйной рагатай жывёлы, свіней, авечак, рыбагадоўля.

Фермерскія гаспадаркі за год вырасцілі 185 тон зерня, 90 тон бульбы,  13 тон агародніны, 8 тон ільновалакна, 4,6 тоны эфіраалейных культур, 2 тоны лекавых траваў. Вытворчасць мяса жывёлы і птушак у жывой вазе склала 14 тон.

У фермерскіх гаспадарках ёсць 1 збожжаўборачны камбайн, 14 трактароў.

За кошт сродкаў абласнога бюджэту праводзіцца вапнаванне і аграхімічнае абслугоўванне земляў. За рэалізаваную льнотрасту выплачваюцца надбаўкі да закупных цэн. У 2017 годзе прадугледжаны выплаты надбавак да закупных цэн на грэчку. Са сродкаў рэспубліканскага бюджэту выконваецца абавязковае страхаванне пасеваў азімай пшаніцы ў памеры 95 працэнтаў ад кошту пасеваў.

Стварэнне і дзейнасць фермерскіх гаспадарак рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 лютага 1991 года № 611-XII “Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы”, актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гарамадзянскім заканадаўствам, заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні земляў.

На працягу трох гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі сялянская (фермерская) гаспадарка вызваляецца ад падаткаў і збораў, устаноўленых  падатковым Кодэксам Рэспублікі Беларусь, калі гаспадарка займаецца рыбагадоўляй, пчалярствам, вытворчасцю прадукцыі раслінаводства, жывёлагадоўлі.

У сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна  маюцца вытворчыя памяшканні жывёлагадоўчых фермаў, іншых аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца. Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт гатовы разгледзець прапановы пра стварэнне сялянскіх фермерскіх гаспадарак для вытворчасці сельгаспрадукцыі.

Тым, хто зацікаўлены ў стварэнні сялянскай (фермерскай) гаспадаркі, прапануем пакрокавую інструкцыю для яе стварэння:

  1. Вызначаем месца гаспадарання і віды культур для вырошчвання. Пачаткова фермер можа атрымаць да 50 гектараў зямлі.
  2. Распрацоўваем бізнэс-план па вядзенні сялянскай (фермерскай) гаспадаркі і перадаём яго ў раённы выканаўчы камітэт.
  3. Узгадняем выдзяленне зямлі з сельскім выканаўчым камітэтам ці сельскагаспадарчым прадпрыемствам.
  4. Падаём у раённы выканаўчы камітэт заяву аб пацвярджэнні размяшчэння фермерскай гаспадаркі разам з бізнэс-планам.
  5. Атрымліваем рашэнне выканаўчага камітэта і рэгіструем фермерскую гаспадарку.
  6. Падаём у раённы выканаўчы камітэт заяву аб выдзяленні зямельнага ўчастка.
  7. Арганізуем землеўпарадкавальныя работы і складаем праект па адводу зямлі.
  8. Рэгіструем атрыманы ўчастак ў БТІ і карыстаемся ім па прызначэнні.

Для рэгістрацыі фермерскай гаспадаркі трэба сабраць наступны пакет дакументаў: заяву аб рэгістрацыі, квітанцыю аб уплаце дзяржпошліны, статут фермерскай гаспадаркі ў 2 экзэмплярах, узгадненне назвы фермерскай гаспадаркі, дакументы аб фарміраванні статутнага фонду.

М. ЦІХАН,

начальнік аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама

 

Дзевяць экспрэс-пытанняў фермеру са шматгадовым стажам М. Чуваку (фермерская гаспадарка “Тарасавічы”):

– Міхаіл Расціслававіч, з вышыні свайго вопыту скажыце, ці варта марыць стаць фермерам?

– Варта. Калі ёсць схільнасць да самастойнай працы на зямлі – варта.

– А вы самі хутка адважыліся, бо адказная ўсё-такі рэч – поўнасцю самастойная праца?

– Як з’явілася магчымасць узяць зямлю, адразу і адважыўся.

– Мелі стартавы капітал?

– Капейкі. Першы трактар набыў па лізінгу. І другі таксама.

– Былі прапановы буйных інвестыцый?

– Грошы прапаноўвалі. Але я вырашыў развіваць гаспадарку са сваіх даходаў. Няхай нетаропка, але без празмернай рызыкі.

– На чым падымаліся, маю на ўвазе вытворчасць прадукцыі?

– Многа чым займаўся. Спачатку засеяў зямлю зерневымі культурамі. Потым свіней гадаваў. Цяпер лічу выгадным ільнаводства.

– За кан’юнктурай рынку сочыце пільна?

– А як жа. Вось мяркую, што будзе попыт на хрэн. Закладваю плантацыю хрэну.

– Наёмныя работнікі ў вас ёсць?

– Няма, сваёй сям’ёй спраўляемся. Працую я. Жонку сагітаваў змяніць месца работы, памагае мне. Два зяці памагаюць у вольны час. Унук з трактара не вылазіць (усміхаецца, бо ўнук яшчэ дзетсадаўскага ўзросту, але, мабыць, будучы фермер расце). Калі-нікалі сябры падставяць плячо.

– Даходная прафесія – фермер?

– Скажу так: магнатам не станеш, але і жабраваць не пойдзеш.

– Дык у чым, Міхаіл Расціслававіч, галоўная фішка фермерства?

– У самастойнай працы. Сам сабе гаспадар.

Б. ВАРНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *