“Наша лета эфектыўна: з карысцю, ярка, крэатыўна!”

Важнае Грамадства

Пад такім дэвізам на Дзятлаўшчыне праходзіць летняя аздараўленчая кампанія-2024.

У час яе плануецца аздаравіць 1296 навучэнцаў. Будуць працаваць летнікі ўсіх тыпаў.

Больш падрабязна пра адпачынак школьнікаў на вялікіх канікулах расказала метадыст раённага метадычнага кабінета Наталля Пазняк:

– Прыярытэты летняй кампаніі застаюцца ранейшымі. Намаганні спецыялістаў будуць скіраваны на захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей, якасную арганізацыю іх вольнага часу, недапушчэнне злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Сёлета павялічана колькасць дзяцей, якія змогуць пабываць у летніках.  Напрыклад, у мінулым годзе такое аздараўленне прайшлі 1212 хлопчыкаў і дзяўчынак, а годам раней – 1148 навучэнцаў.

Мяркуем, што 952 дзіцяці адпачнуць у аздараўленчых летніках, якія арганізуюцца ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі раёна, яшчэ 157 навучэнцаў – у аздараўленчых летніках, якія арганізуе Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Радуе, што ў гэтым годзе чатыры змены школьнікаў раёна (усяго 188 хлопчыкаў і дзяўчынак) прыме на аздараўленне дзіцячае аддзяленне “Баравічок” філіяла “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”.

У школьных летніках з кругласутачным знаходжаннем будуць адпачываць 252 навучэнцы, а з дзённым – 700 школьнікаў.

Калі падрахункаваць усе лічбы, то на канікулах у летніках раёна адпачне 59 % ад агульнай колькасці навучэнцаў Дзятлаўшчыны, што на 6 % больш у параўнанні з мінулым годам. “Стартуюць” змены ўжо 3 чэрвеня, а завершацца 28 жніўня.

– Што за летнікі і дзе яны будуць функцыянаваць?

– Гэта 19 аздараўленчых летнікаў з дзённым знаходжаннем, уключаючы пяць летнікаў працы і адпачынку. Яны адкрыюцца ва ўсіх 12 установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна, а таксама ў Дзятлаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Думаю, варта спыніцца на летніках працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем. Яны будуць арганізаваны ў Казлоўшчынскай, Вензавецкай, Гезгалаўскай сярэдніх школах, сярэдніх школах № 1 і № 3 горада Дзятлава для 75 навучэнцаў старэйшых за 14 гадоў. Іх працоўная занятасць будзе ладзіцца на базе КСУПаў “Жукоўшчына” і “Войневічы”, а таксама ТАА “РоданАграПол” у другой дэкадзе чэрвеня.

Ваенна-патрыятычны профіль арганізоўваецца ў 5 дзевяцідзённых летніках палатачнага тыпу і яшчэ 3 будуць турысцка-краязнаўчага профілю.

Эколага-біялагічны летнік адкрыецца ў Круцілавіцкай сярэдняй школе, навуковы – на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава. У аддзяленні “Баравічок” для юных адпачывальнікаў будзе працаваць мастацкі профіль.

Спартыўна-аздараўленчы летнік “Алімпіец”, які арганізуе Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа для 156 сваіх выхаванцаў. Змены дзённага знаходжання для 122 юных спартсменаў будуць ладзіцца на базе сярэдніх школ № 1 і № 3 горада Дзятлава, Казлоўшчынскай сярэдняй школы. У дзевяцідзённым кругласутачным летніку “Алімпіец” на базе Дварэцкай сярэдняй школы адпачнуць яшчэ 34 навучэнцы.

Важна адзначыць, што ў час летняй кампаніі ў летніках пройдуць аздараўленне 45 дзяцей-сірот і 13 дзяцей-інвалідаў. Плануецца таксама забяспечыць аздараўленне максімальнай колькасці непаўналетніх, з якімі вядзецца індывідуальна-прафілактычная работа, і тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна-ненадзейным становішчы.

Што тычыцца кошту адпачынку, то ён застанецца на ўзроўні мінулага года, і калі падаражэе, то нязначна. Аказваць мэтавую матэрыяльную дапамогу бацькам-членам прафсаюза на аплату дзіцячых пуцёвак па ўзгадненні адпаведна дзеючага заканадаўства могуць пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі.

У час летняй аздараўленчай кампаніі-2024 будзе рэалізавана рэспубліканская акцыя “Эфектыўнае лета”, якая праходзіць пад дэвізам “Наша лета эфектыўна: з карысцю, ярка, крэатыўна!”. У першую чаргу акцэнты будуць зроблены на якасным правядзенні летняй аздараўленчай кампаніі, задавальненні адукацыйных і аздараўленчых запытаў выхаванцаў і іх законных прадстаўнікоў, папярэджанні рызык, з якімі могуць сутыкнуцца выхаванцы ў працэсе жыццядзейнасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga