Самалячэнне да дабра не давядзе

Падзеі

Нярэдка хвароба, якую на пачатковай стадыі развіцця можна было перамагчы за лічаныя дні, у запушчаным стане запатрабуе доўгага, складанага і дарагога лячэння. Асабліва гэта датычыцца складаных захворванняў, напрыклад, ракавых пухлінаў, калі лячэнне можа стаць запозненым або немагчымым. А ўсяму віной — самалячэнне.

Часцей за ўсё мы займаемся самалячэннем таму, што празмерна ўпэўненыя ў сабе, а часам не давяраем экспертнай думцы, грунтуючыся на ўласных, як нам здаецца, шырокіх ведах у галіне медыцыны. Сёння мы папаўняем свае веды з дапамогай сеткі Інтэрнэт. Не складана «забіць» у камандным радку пошукавай сістэмы самастойна выяўленую сімптаматыку, знайсці падобныя праявы ў розных хваробах. Зноў-такі, самастойна паставіць дыягназ і прызначыць сабе курс лячэння.

Аднак бясшкодных лекаў не існуе. Гэта датычыцца не толькі моцнадзейных прэпаратаў, тое ж можна сказаць нават аб простых вітамінных комплексах. Бяздумнае ўжыванне на першы погляд “жыццесцвярджальных” сродкаў можа ў далейшым паўплываць на здароўе і функцыянаванне ўнутраных органаў чалавека, суправаджацца алергічнай рэакцыяй або развіццём цяжкіх формаў паталогіі.

У выпадку ж з антыбіётыкамі стан ускладняецца яшчэ і тым, што яны знішчаюць не толькі патагенныя бактэрыі, але і карысную мікрафлору, без якой наш арганізм існаваць не можа. Да таго ж, калі лячэнне не даведзена да канца (а пры самалячэнні пацыенты вельмі часта спыняюць прыём прэпаратаў, як толькі адчуюць прыкметнае паляпшэнне стану), то ў пакінутых у жывых бактэрый выпрацоўваецца ўстойлівасць да дадзенага антыбіётыка, і ў наступны раз ён ужо не дапаможа.

Запомніце, што самалячэнне рэдка дае станоўчы вынік, часцей такія непрафесійныя дзеянні прыводзяць да сумных наступстваў.

А. ШАЙБАК,
галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *