Мама — гэта вясна

Падзеі

«Усё цудоўнае ў чалавеку — ад промняў сонца і ад малака маці». Гэтыя словы класіка літаратуры Максіма Горкага яскрава характарызуюць прызначэнне жанчыны — быць для родных і блізкіх маленькім сонейкам, крыніцай пяшчоты і жыцця. Міжнародны жаночы дзень мы святкуем 8 сакавіка, калі вясновае сонца спакваля набірае сілу. Такім жа чынам жыццёвую сілу набірае любоў у сэрцах дзяцей, пакуль яны растуць і атрымліваюць ад сваіх матуляў дабрыню, клопат, пяшчоту. А давайце зірнём на жанчын-маці вачамі іх дзяцей. Зрабіць гэта карэспандэнтцы газеты «Перамога» дапамаглі ўдзельнікі гуртка «Юны журналіст» сярэдняй школы №3 горада Дзятлава (кіраўнік С. У. Урбан), якія падрыхтавалі міні-звароты да сваіх матуляў.

Аляксандра Жук:

— Мая мамачка, Сняжана Ягораўна Жук, ты самая прыгожая, добрая, пяшчотная, клапатлівая. Люблю назіраць за тваімі ўмелымі рукамі, калі ты вышываеш крыжыкам. А якое задавальненне мне прыносяць нашы сумесныя прагулкі па горадзе, чытанне кніг, майстар-класы на кухні. Спадзяюся, калі-небудзь я навучуся гатаваць такія ж смачныя сырнікі, пірожныя і шарлоткі, якія атрымліваюцца ў цябе. Дзякуй, што ты ёсць у нас з братам. Калі б магла, падарыла б табе доўгія гады жыцця, а пакуль дару сваю любоў і пяшчоту. Радасці, здароўя табе і вечнай прыгажосці.

Аліна Заяц:

— Справядлівая, клапатлівая, добрая і ўсё разумееш. Гэта пра цябе, мая мамачка, Саіда Мікалаеўна Заяц. Твае захапленні — вязанне і гатаванне страваў. А, можа, мне гэта толькі здаецца, бо ты ніколі не скардзішся і выконваеш хатнія справы з задавальненнем. Разам з табой мы глядзім па тэлевізары біятлон і кінастужкі, гатуем розныя стравы і гуляем. Мне заўсёды ўтульна побач з табой. Я нават не ведаю, які з тваіх кулінарных шэдэўраў мне найбольш даспадобы — усе яны вельмі смачныя. Ты шмат сілаў аддаеш мне і майму брату. Калі б я толькі магла, падарыла б табе пуцёўку да цёплага мора, каб ты добра адпачыла пад промнямі паўднёвага сонца. Шчасця табе і цярпення, а галоўнае — здароўя.

Кацярына Івашэвіч:

— Любоў Іванаўна Івашэвіч. Гэта мая матуля. Мамачка, для мяне ты самая добрая, клапатлівая, працалюбівая. Толькі твае працавітыя рукі злольны прыгатаваць такую смачную выпечку, якая бывае на нашым стале. Ты і мяне вучыш гатаваць. Мы часта разам гуляем па горадзе і размаўляем пра ўсё на свеце. Не сумняваюся, што мы з сястрой вырасцем у цябе добрымі гаспадынямі. Я вельмі хацела б падарыць табе вялікі дом, дзе было б прасторна нашай сям’і і дзе мы абавязкова завялі б сабаку. Моцнага табе здароўя і радасці.

Паліна Ярмаловіч:

— Матуля мая, Алена Андрэеўна Ярмаловіч! Ты разумная, прыгожая, добрая, адказная, вясёлая, працавітая. Твае спрытныя рукі ўмеюць вязаць прыгожыя рэчы і гатаваць самыя смачныя ў свеце стравы. Мы з сястрычкай Насцяй заўсёды ядзім іх з вялікім задавальненнем, бо цэнім тваё старанне. А якое задавальненне прыносяць нам сумесныя паходы па пакупкі. Мамачка, калі б толькі магла, падарыла б табе ўсе кветкі Зямлі, а пакуль дару любоў і пяшчоту. Заставайся такой жа добрай і прыгожай, а самае галоўнае — той мамай, якую я так люблю.

Ілона Радомская:

— Ты прыгожая і пазітыўная, ты заўжды ведаеш, што мне сказаць і чым мяне заняць, матуля мая, Святлана Мікалаеўна Радомская. Ты вельмі творчы чалавек — прыгожа малюеш, танцуеш, спяваеш. Колькі цікавага я даведалася ад цябе ў моманты нашых задушэўных размоваў. Ты мне расказваеш, як жыла раней, чым вы займаліся з сябрамі, калі не было камп’ютараў. Гэтыя гісторыі такія пазнавальныя і вясёлыя, што і мне хочацца перажыць нешта падобнае. Твая творчасць праяўляецца нават у прыгатаванні страваў, яны смачныя, і ты зноў паклала ў іх новыя інгрэдыенты — цябе выдае хітрынка ў вачах. Я, брат, сястра. Думаю, табе нялёгка бывае клапаціцца пра нас траіх, але ты ўсё паспяваеш! Я хачу падарыць табе шмат шчасця і ўсмешак. Жадаю, каб ты доўга жыла і ўсе твае мары ажыццявіліся.

Аліна Баброўская:

— Мамачка мая, Ірына Іванаўна Баброўская! Ты клапатлівая, прыгожая, пазітыўная, здольная прыйсці на дапамогу любому ў цяжкую хвіліну, даць мудрую параду. Ты любіш гатаваць і робіш гэта «на выдатна». Я люблю гуляць з табою, ездзіць у паездкі, спазнаваць новае. А якія смачныя тарты ты пячэш для нас з сястрычкай. Я мару падарыць табе ўсё, што ты захочаш, жадаю, каб збываліся твае мары. Здароўя, шчасця, і няхай кожны дзень будзе для цябе як свята.

Анастасія Станкевіч:

— Вольга Мікалаеўна Станкевіч, матуля любімая мая! Ты добрая, адказная, уважлівая, спагадлівая, пазітыўная, працалюбівая і вялікая фантазёрка. З розных дробязяў ты ўмееш зрабіць неверагодныя ўпрыгажэнні для дома. Дзякуючы табе ў нас вельмі ўтульна і шмат пакаёвых кветак, бо гэта яшчэ адно тваё захапленне. Разам з табой мы малюем, гуляем з нашым сабакам. Разам гатуем розныя стравы, і яны ўсе такія смачныя, бо галоўны іх «інгрэдыент» — твая любоў, якою ты шчодра дзелішся з намі. Матуля, ты для мяне лепшы прыклад для пераймання. Гэта ты вучыш мяне быць адказнай, міласэрнай, дапамагаць людзям. Калі б я толькі магла, падарыла б табе бязмежнае шчасце і чароўную палачку для ажыццяўлення ўсіх мараў. Я вельмі цябе люблю.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *