Галоўнае ў жыцці — дабрыня і сумленнасць

Падзеі

Напярэдадні Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь карэспандэнтка газеты сустрэлася са старшынёй Дзятлаўскай раённай арганізацыі інвалідаў Валянцінай Юльянаўнай Берднікавай.

На гэтай пасадзе Валянціна Юльянаўна ўжо дзевятнаццаць гадоў. Нягледзячы на такі вялікі стаж, яна па-ранейшаму застаецца жыццярадасным і аптымістычна настроеным чалавекам, які заўжды імкнецца падтрымаць іншых.

— З улікам свайго жыццёвага вопыту я разумею, наколькі гэта цяжка — быць чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі, наколькі такім людзям складана несці свой крыж. Аднак кожны раз я паўтараю, што не трэба замыкацца ў сабе, а неабходна жыць, ставіць мэты і дасягаць іх, — кажа Валянціна Юльянаўна, разважаючы аб сэнсе жыцця. Дэвізам яго яна абрала словы: «Заўжды трэба быць сумленным і добрым чалавекам. Менавіта ў гэтым заключаецца жыццёвая сіла. А таксама варта гаварыць іншым як мага больш добрых словаў. Добрыя словы прадаўжаюць жыццё, а кепскія, наадварот, яго скарачаюць.

Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў ужо споўнілася дваццаць гадоў. Цяпер яе складаюць чатыры пярвічныя арганізацыі, якія размешчаны ў Дзятлаве, Казлоўшчыне, Гезгалах і Наваельні.

— Узначальваюць пярвічкі Уладзімір Антонавіч Нічыпар, Валянціна Мікалаеўна Барысік, Марыя Мікалаеўна Угольнікава, Лілія Пятроўна Касперава, — гаворыць Валянціна Юльянаўна. — Я ім вельмі ўдзячна за іх работу і супрацоўніцтва. І гэта ўлічваючы тое, што працуюць яны на грамадскіх пачатках, зусім бясплатна.

Удзячна я і аддзяленню «Праменьчык» для маладых інвалідаў, з якім мы цесна супрацоўнічаем на працягу апошніх гадоў. Вось і сёлета выстава вырабаў з лёну, якія зроблены рукамі наведвальнікаў «Праменьчыка», была прадстаўлена на фестывалі «Славянскі базар». Яна карысталася попытам, выклікала цікавасць. Пра нас нават напісала газета «Разам».

_mg_9109

— Валянціна Юльянаўна, калі ўжо зайшла размова пра культуру, то якімі мерапрыемствамі ўвогуле быў насычаны сёлетні Год культуры для раённай арганізацыі  інвалідаў?

— Па-першае, было шмат цікавых вандровак. Мы наведалі Жыровічы і Сынкавічы. Пабылі  і ў Мінску, у прыватнасці, наведалі дэльфінарый, заапарк, батанічны сад.
Акрамя «Славянскага базару», мы ўдзельнічалі і ў фестывалі нацыянальных культур, які сёлета праходзіў у Гродне. У час праграмы ўдзельнікі раённай арганізацыі інвалідаў спявалі, танцавалі, прадставілі дэкаратыўныя вырабы.

Акрамя культурных мерапрыемстваў, мы ўдзельнічаем і ў спартыўных спаборніцтвах.

— Валянціна Юльянаўна, многія ведаюць вас як старшыню раённай арганізацыі інвалідаў. Цікава было б даведацца і пра тое, чым вы любіце займацца ў асабісты, вольны ад грамадскіх абавязкаў, час?

— Па натуры я халерык. Таму люблю актыўны від адпачынку: наводзіць парадак у доме, танцаваць.

— А колькі гадоў вашай сям’і?

— Сёлета споўнілася ўжо пяцьдзясят шэсць. Мой муж — былы ваенны, сын — таксама.

— Калі не сакрэт, як пачалася ваша сямейная гісторыя?

— Неяк я ехала ў цягніку. Разам са  мной у купэ ехалі маладыя людзі, якія прызываліся на службу ў армію. Адзін з іх штосьці спытаў у мяне, я яму адказала некалькі словаў. Праз некаторы час я сустрэла гэтага маладога чалавека ў Дзятлаве, на танцавальным вечары. Так мы і пазнаёміліся, пачалі сустракацца, стварылі сям’ю.

— Валянціна Юльянаўна, што пажадаеце членам раённай арганізацыі інвалідаў?

— Перш за ўсё — жыццёвай стойкасці, аптымізму, каб было ў нас як мага больш добрых і насычаных цікавымі падзеямі дзён.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *