Вытворчы траўматызм і ахова працы на прадпрыемствах Дзятлаўшчыны

Здарэнні і бяспека

Дзятлаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2016 годзе праводзілася праверка па фактах атрымання работнікамі прадпрыемстваў раёна цяжкіх, небяспечных для жыцця цялесных пашкоджанняў у час вытворчага працэсу.

Так, 2 жніўня 2016 года ў час правядзення лесасечных работ быў траўмаваны Ж., ляснік Ахонаўскага лясніцтва ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас». Няшчасны выпадак здарыўся, калі на выдзеле, дзе праходзілі работы, адсутнічаў майстар. Яго абавязкі часова выконваў ляснік Ахонаўскага лясніцтва, грамадзянін Ш., які адказваў і за ахову працы. Варта зазначыць, што ўсе патрабаванні па бяспечным вядзенні работ на выдзеле выконваліся да таго часу, пакуль ляснік Ш. не прыняў рашэнне спільваць раздвоеную сасну. Дрэва на вышыні 6,8 метра мела злом, які не аддзяліўся ад камля і адным канцом упіраўся ў зямлю. Сваімі далейшымі дзеяннямі Ш. парушыў патрабаванні інструкцый па ахове працы: ён не зрабіў падпіл, не пакінуў неабходнага недапілу і не скарыстаўся лябёдкай. У выніку гэтага пры прызямленні камель дрэва на месцы ранейшага злому раздзяліўся на дзве часткі. Першая ўпала туды, куды і планавалі рабочыя, другая ўпала ў супрацьлеглы бок і сур’ёзна траўмавала лесніка Ж. Раённым аддзелам Следчага камітэта на Ш. была ўзбуджана крымінальная справа.

Цяпер Дзятлаўскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па факце атрымання траўмы на вытворчасці слесарам СВК «Слава працы», грамадзянінам Ю. У час праверкі было ўстаноўлена, што няшчасны выпадак адбыўся 20 жніўня 2016 года каля 9 гадзін раніцы ў памяшканні рамонтнай майстэрні на тэрыторыі мехдвара гаспадаркі. Слесар Ю. у стане алкагольнага ап’янення дапамагаў трактарысту-машыністу Л. рамантаваць трактар «МТЗ-952», які знаходзіўся ў счэпцы з кормараздатчыкам.

У гэтым жа памяшканні трактарыст-машыніст Б. рамантаваў паўпрычэп «ПС-45», які знаходзіўся ў счэпцы з трактарам «МТЗ-1221В». У працэсе работы Б. спатрэбілася шайба, якая знаходзілася ў кабіне трактара. Малады чалавек падступіўся на другую знізу прыступку кабіны, правай рукой узяўся за дзверцы, а левую паклаў на панэль кабіны, дзе выпадкова націснуў на самаробную кнопку запуску рухавіка. Трактар з уключанай задняй перадачай завёўся, пачаў рухацца заднім ходам разам з прычэпам, і наехаў на кормараздатчык. Ад удару кормараздатчык і «МТЗ-952», да якога ён быў прычэплены, перамясціліся на некалькі метраў наперад, і трактар заднім правым колам наехаў на слесара Ю. Пацярпелы быў шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне Дзятлаўскай ЦРБ.

Апошні няшчасны выпадак на вытворчасці, па якім вядзе праверку раённы аддзел Следчага камітэта, адбыўся 10 кастрычніка 2016 года ў СВК «Войневічы». Каля 15 гадзін інжынер-энергетык гэтай гаспадаркі К., 1990 года нараджэння, парушыў правілы тэхнікі бяспекі: праз бакавы люк залез у бункер пласкадоннага зерневага сіласа «SPA 9/8», дзе знаходзілася зерне кукурузы і працавалі пагрузачна-выгрузачныя шнэкі. Калі работнік знаходзіўся ў бункеры, яго левая нага трапіла ў выгрузачную адтуліну, і яе заціснула працуючым выгрузачным шнэкам. У выніку К. атрымаў рваныя раны ступні і адкрытыя пераломы касцей пальцаў.

Прааналізаваўшы гэтыя выпадкі, Следчы камітэт прыйшоў да наступных высноваў. Асноўнымі прычынамі вытворчага траўматызму ў раёне паслужылі невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы; парушэнне патрабаванняў нарматыўных актаў па ахове працы; канструкцыйныя недахопы тэхнікі і абсталявання; допуск пацярпелых да работы без навучання, стажыроўкі, праверкі ведаў і інструкцыі па ахове працы.

Д. ЛУПАЧ,
старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *