«Азбука малявання» ад Алены Сямёнавай

Падзеі

Ці спыняліся вы хоць на хвілінку сярод імклівай плыні будняў, каб глянуць на свет вакол вас? У час такіх неспадзяваных прыпынкаў і неба, і зямля, і ўся родная прырода здаюцца чароўнымі, незвычайнымі. Нібыта трапіў у царства прыгажосці, у палон дзівосных уражанняў, калі нават слова сказаць баішся, каб не спужаць нечаканае дзіва. Затое невядома адкуль з’яўляецца жаданне схапіць у рукі пэндзлік і фарбы — і маляваць, перадаць паперы для надзейнага захоўвання свой настрой, сваю радасць. Калі з вамі такое здаралася — вы чалавек творчы.

Мне таксама нядаўна пашанцавала пазнаёміцца з творчай, крэатыўнай асобай, маладым спецыялістам Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Аленай Сяргееўнай Сямёнавай. Сёлета яна прыехала працаваць на Дзятлаўшчыну па размеркаванні ў ліку 32 маладых настаўнікаў, якія папоўнілі шэрагі педагогаў раёна.
Ужо пры першай сустрэчы з Аленай Сямёнавай адчуваеш, што яна чалавек сур’ёзны і мэтанакіраваны, з творчай жылкай, а таму вельмі цікавы.

Родам маладая педагог з-пад Баранавічаў, з аграгарадка Русіно. Пасля заканчэння школы вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, сёлета па размеркаванні трапіла на Дзятлаўшчыну.

Цікаўлюся ў Алены Сяргееўны, ці даўно яна захапляецца выяўленчым мастацтвам.

— Малюю я з ранняга дзяцінства, мяркую, што здольнасці перадаліся мне ад матулі, якая ў свой час скончыла Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж. Цяпер яна працуе прадаўцом, але ў вольны час любіць рабіць сувеніры з палімернай гліны — магніцікі, статуэткі.

Мама заўсёды была маёй першай памочніцай і крытыкам, падбадзёрвала, падказвала. Таксама я шмат займалася самаадукацыяй: адшуквала і чытала тэматычную літаратуру, знаходзіла патрэбную інфармацыю і майстар-класы выяўленчага мастацтва ў інтэрнэце. На апошнім курсе ўніверсітэта захапілася жывапісам, пачала асвойваць тэхніку малявання алейнымі фарбамі. Некалькі маіх нядаўніх работ ужо сталі падарункамі на дні нараджэння знаёмых. Людзям падабаецца тое, што я раблю. Я малявала кампазіцыі з некалькіх карцін — цяпер гэта модна. Праўда, у тэхніцы малявання алейнымі фарбамі я пакуль навічок, таму знаходжу прыгожыя творы і малюю такія ж. Калі «наб’ю руку» абавязкова паспрабую стварыць што-небудзь сваё. Шчыра кажучы, майстэрства — гэта 10% таленту, астатняе — праца. Таму людзям, якія толькі пачынаюць маляваць, раю больш часу аддаваць гэтаму захапленню, і, хутчэй за ўсё, у далейшым яны будуць задаволены вынікамі сваёй работы.

Сама Алена Сяргееўна Сямёнава прадаўжае чытаць тэматычную літаратуру, шмат малюе. Спыняцца на дасягнутым не збіраецца. Маладая педагог лічыць, што чалавек, які спыняе творчыя пошукі, становіцца нецікавым ні сабе, ні іншым.

Гэтым летам Алена з мамай «набівалі руку», малюючы прыгожыя краявіды на фасадзе дзіцячага садка ў родным Русіно. Таксама з дапамогай пэндзліка і фарбаў яны зрабілі больш прывабнымі для малечы гульнёвыя пляцоўкі дашкольнай установы.

— Маляваць для людзей, асабліва для дзяцей, мне прыемна і цікава, — зазначае педагог, — і калі ёсць здольнасці і цяга да малявання, чаму б не ўпрыгожыць родны куток. Праўда, з нядаўняга часу я жыву на Дзятлаўшчыне, але, мяркую, тут таксама будзе запатрабавана маё рамяство.

_mg_1130

Сумнявацца ў гэтым не варта, бо ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Алена Сямёнава стала кіраўніком аб’яднання па інтарэсах «Азбука малявання» для школьнікаў сярэдняга звяна. Гэта значыць, што 15 хлопчыкаў і дзяўчынак пад яе кіраўніцтвам у 2016/2017 навучальным годзе будуць крок за крокам асвойваць навыкі валодання пэндзлікам і алоўкам.

— Мы будзем вучыцца маляваць коміксы і карыкатуры, асвоім новыя метады малявання, — дзеліцца прафесійнымі планамі малады спецыяліст. — На першых занятках я вучыла дзяцей развіваць уяўленне і фантазію: малявала на лістках розныя «закавыкі», а мае выхаванцы павінны былі ператварыць іх у паўнацэнныя малюнкі. Парадавалі мяне свамім работамі: фантазія ёсць — працаваць будзе з кім.

Наш горад вельмі спадабаўся Алене Сямёнавай. Яе прывабліваюць спакойныя, зялёныя вуліцы, прыгожы гістарычны цэнтр і цішыня. Як прызнаецца маладая педагог, у родным Русіно ціха не было ніколі, бо паблізу ад аграгарадка знаходзіцца чыгунка і аэрадром. Затое ў Дзятлаве можна атрымліваць асалоду ад цішыні.
Ціхімі вечарамі прыемна ўзяць у рукі кнігу. Мастацкай літаратурай Алена захапілася яшчэ ў школе, а да 14 гадоў паспела перачытаць усе кнігі ў русіноўскай бібліятэцы. Дзяўчыну вабіць свет паэзіі, асабліва творчасць Эдуарда Асадава, некалькі зборнікаў паэта занялі пачэснае месца на кніжнай паліцы Алены. Некалькі разоў яна перачытала і твор Эцель Ліліян Войніч «Овод». Любоў да друкаванага слова перарасла ў імкненне да ведаў наогул. Цяпер адна з мараў маладой настаўніцы — дасканала вывучыць англійскую мову.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *