Патрыярх Беларускага мастацтва

Падзеі

Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі – вядомы беларускі мастак, кераміст, жывапісец, скульптар, сябра Беларускага саюза мастакоў. Нарадзіўся ён 31 сакавіка 1931 года ў вёсцы Бацюты Беластоцкага ваяводства (Польшча). Любоў да свёй малой радзімы Мікалай Лаўрэнцьевіч пранёс праз усё жыццё і прысвяціў сваёй роднай вёсцы паэму “Бацюты”. Мастак — з сям’і беларускіх сялян праваслаўнага веравызнання. Бацька – Лаўрэн Маркавіч Несцярэўскі — хлебароб, маці – Настасся Лявонцьеўна — хатняя гаспадыня. У сям’і было трое дзяцей: Мікалай, Вольга і Галіна. На момант нараджэння малога Міколкі сям’я жыла заможна: мелі 25 гектараў зямлі (18 – ворнай, астатнія – паплавы і сенакосы), былі коні, каровы, свінні, куры, гусі.

2

У 1938 годзе памёр яго бацька. Усе клопаты па хатняй гаспадарцы ляглі на плечы сямігадовага Міколкі і маці. Хлопчык рана навучыўся касіць траву, араць зямлю, сеяць жыта, збіраць ураджай. У верасні 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна, немцы акупавалі Польшчу, потым на Беласточчыну прыйшлі войскі Чырвонай Арміі, а ў чэрвені 1941 года – зноў нямецка-фашысцкія акупанты. Вучыцца не было як – школы ні пры якой акупацыйнай уладзе не працавалі. Пасля заканчэння вайны сям’ю Несцярэўскіх, як і тысячы беларусаў па нацыянальнасці, прымусова вывезлі ў Беларусь у мястэчка Дзятлава Гродзенскай вобласці.

У 1947 годзе Мікалай Несцярэўскі пачаў працаваць вучнем, потым цесляром у арцелі “Чырвоны Кастрычнік” і адначасова вучыўся ў Дзятлаўскай вячэрняй школе рабочай моладзі. У 1953 – 1955 гадах працаваў майстрам сталярнага цэха Дзятлаўскага раённага прамкамбіната. У гэты час Мікалай Лаўрэнцьевіч актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці – іграў у духавым аркестры, спяваў у хоры, танцаваў, рабіў першыя крокі ў выяўленчым мастацтве. З 1955 года ён – інструктар Дзятлаўскага раённага дома культуры і ў гэтым жа годзе паступіў на завочнае аддзяленне Гродзенскага культасветвучылішча па спецыяльнасці арганізатар-метадыст клубнай работы, якое закончыў у 1959 годзе.

У 1959 – 1962 гадах Несцярэўскі працаваў мастаком-афарміцелем у Дзятлаўскім раённым прамкамбінаце. У гэты час ён завочна паступіў вучыцца ў Маскоўскі інстытут мясцовай прамысловасці на мастацкае аддзяленне “мастацкая кераміка”.

У 1962 – 1963 гадах Мікалай Лаўрэнцьевіч – настаўнік працы, малявання і чарчэння Дзятлаўскай СШ. У 1963 – 1965 гадах – галоўны мастак Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі (Валожынскі раён).

У 1965 годзе ён перавёўся вучыцца з Маскоўскага інстытута мясцовай прамысловасці ў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут на вячэрняе аддзяленне, які закончыў у 1969 годзе. Дыпломную работу Мікалай Лаўрэнцьевіч выканаў на “выдатна” і атрымаў спецыяльнасць «мастак» дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У 1966 – 1969 гадах працаваў у Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце вучэбным майстрам мастацкай керамікі. У 1969 – 1991 гадах мастак працаваў на Мінскім мастацка-прамысловым камбінаце. У 1991 годзе выйшаў на пенсію.

Мікалай Несцярэўскі працуе ў галіне выяўленчага мастацтва, мастацкай керамікі (у асноўным шамот і тэракота), паркавай скульптуры, афармлення інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Значнае месца ў творчасці мастака займаюць матывы народнага жыцця, вясковага побыту, гульняў, селькагаспадарчай працы.

У 1995 годзе выканаў узоры: капітэлі, пілястры, кранштэйна, разетак, карнізаў і іншых упрыгожванняў для рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У суаўтарстве з мастаком В. І. Квасавым стварыў тры помнікі (скульптурныя барэльефы) савецкім воінам і партызанам у Валожынскім і Стаўбцоўскім раёнах Мінскай вобласці.

Створаны ім керамічныя партрэты (медалёны, плакеткі) знакамітых асобаў старажытнай Беларусі, вядомых і знакамітых людзей Дзятлаўшчыны.

3

Мастацкія творы М. Л. Несцярэўскага знаходзяцца і экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім саюзе мастакоў, Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі (пераважная большасць яго твораў), Старадарожскім музеі выяўленчага мастацтва, у прыватных калекцыях Польшчы, у Венесуэле.

Шматлікія дэкаратыўныя талеркі, вазы, наборы посуду і іншыя прыгожыя і незвычайныя дробязі, створаныя мастаком, упрыгожваюць побыт людзей і радуюць іх.

М. Л. Несцярэўскі – сябра Беларускага саюза мастакоў, быў сябрам Саюза мастакоў СССР, удзельнік выстаў з 1969 года. У 1991, 1996, 2001, 2006, 2011 гадах у Палацы мастацтваў (Мінск, вуліца Казлова, 3) і ў Дзятлаўскім музеі  праходзілі яго юбілейныя выстаўкі.

1

М. Л. Несцярэўскі – патрыярх беларускага мастацтва, адзін са стваральнікаў новага накірунку і стылю ў беларускім выяўленчым мастацтве – нацыянальна-гістарычным. У Беларусі такога асобнага, самастойнага накірунку раней не было. Гэты накірунак у нашай краіне ў той час усялякім спосабам забараняўся, знішчаўся і замоўчваўся.

Мікалаю Несцярэўскаму сваімі мастацкімі творамі ўдалося выйсці за межы забароненага, забытага, патаемнага. Гэты накірунак неўзабаве падхапілі маладыя беларускія мастакі і зрабілі яго прыдатным для выкарыстання беларускімі пісьменнікамі, паэтамі, гісторыкамі, культуралогамі, артыстамі, грамадскімі і палітычнымі дзеячамі Беларусі, беларускай дыяспарай у шматлікіх краінах свету.

Па слядах свайго бацькі пайшлі і яго сыны – Сяргей і Аляксандр.

Доўгіх гадоў Вам жыцця, шчасця, усяго найлепшага, і спраўджання ўсіх задумаў і мастацкіх праектаў.

А. ВАЛАХАНОВІЧ,
беларускі пісьменнік, журналіст, гісторык



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *