Юбілейны візіт валанцёраў

Падзеі

Наш раён у чарговы раз наведалі прадстаўнікі галандскай дабрачыннай арганізацыі «Дзеці чарнобыля». Гэта быў іх юбілейны саракавы візіт на Дзятлаўшчыну. Дабрачынная арганізацыя на працягу 20 гадоў дапамагае беларусам, якія жывуць на тэрыторыях, забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Госці з галандскага горада Капэла прыязджаюць да нас двойчы на год — вясной і восенню. У нашым раёне падтрымліваюць адносіны з Дварэцкім і Меляхавічскім сельскімі саветамі, Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцай, раённай араганізацыяй Таварыства Чырвонага Крыжа.

Да сустрэчы з карэспандэнткай газеты «Перамога», якая адбылася ў час наведвання Дзятлаўскай раённай бальніцы, валанцёры пабылі ў аграгарадку Дварэц, аказалі дапамогу мясцовым дзіцячаму саду, школе, амбулаторыі і развезлі 130 харчовых набораў жыхарам сельсавета. Сярод тых, хто атрымаў прадукты, — шматдзетныя сем’і, малазабяспечаныя людзі, інваліды першай і другой групаў.

У Дзятлаве прадстаўнікоў дабрачыннай арганізацыі «Дзеці чарнобыля» сустракалі галоўны доктар Цэнтральнай раённай бальніцы Марыя Максімовіч, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, настаўніца школы №1 горада Дзятлава Ірына Дарафейчык, якая перакладала размову.

Валанцёры расказалі, што крыху пазней прыбудзе гуманітраны груз, які цяпер праходзіць мытны кантроль, у ім — пасцельная бялізна і медыцынскія рэчы для бальніцы сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы, таксама бальніцы будуць перададзены некалькі соцень падгузнікаў для дарослых. Раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа візіцёры перадалі харчовыя наборы. Звычайна замежныя госці прыязджаюць у Беларусь з грашовымі сродкамі, і тут ужо набываюць харчовыя прадукты і сродкі догляду.

І. КАЎКЕЛЬ
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *