Вольга Бародзіч: Пабольш бы шлюбаў, пабольш бы немаўлятак!

Падзеі

Святы Валянцін, паводле паданняў, таемна злучаў рукі і сэрцы закаханых. А Вользе Бародзіч даводзіцца рабіць гэта афіцыйна і ва ўрачыстай абстаноўцы. Як часта звярталіся маладажоны ў ЗАГС летась, ці багата жадаючых з’яднацца вузамі Гіменэя цяпер? – з такімі і іншымі пытаннямі карэспандэнтка газеты звярнулася да начальніка аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама В. Бародзіч.

— Сёлета Дзень святога Валянціна прыпаў на зручны дзень – суботу. Ці шмат параў вырашыла ў Дзень закаханых пабрацца шлюбам?
— Зарэгістраваць шлюб 14 лютага захацелі шэсць пар. Рэгістрацыі прызначаны ва ўрачыстай абстаноўцы ў зале ЗАГСа.
— А ў іншай абстаноўцы распісвацца маладажоны не жадалі?
— Паколькі на дварэ – зіма, то маладыя пары вырашылі абмежавацца залай. А вось у мінулым, 2014-ым годзе, мы рэгістравалі ўступленне ў шлюб на аграсядзібе “Каля дуба”, у кафэ “Паніква”, паляўнічым доміку ў Вензавецкім сельсавеце – непасрэдна там, дзе праводзілася вяселле. Летась адбылося восем выязных рэгістрацый.
— Вольга Вацлаваўна, а колькі ўвогуле параў на Дзятлаўшчыне летась распісаліся?
— Зарэгістравана 192 шлюбы. З гэтай колькасці восем шлюбаў заключаны з замежнымі грамадзянамі. Жаніхі былі з Украіны, Расіі, Турцыі, Казахстана, а нявесты – толькі з Украіны і Расіі. Зазначу, што пераважная колькасць рэгістрацый шлюбаў з замежнікамі па жаданні маладажонаў праводзілася на беларускай мове. Летась мы правялі 25 урачыстасцяў на беларускай мове. З кожным годам жадаючых становіцца больш.
— Вам, як работніку ЗАГСа, даводзіцца пераконвацца, што “каханне прыходзіць у любым узросце”…
— Вядома ж! І пацверджу гэта яшчэ і лічбамі: летась мы рэгістравалі як маладыя пары, так і з багажом пражытых гадоў – каму пад 50 і за 50. Такіх было 35.
— А ў якім узросце найчасцей жэняцца і выходзяць замуж дзятлаўчане і дзятлаўчанкі?
— Запісы 2014 года сведчаць, што самы папулярны час у прадстаўнікоў моцнай паловы – 26, 31-35 і 23 гады, а выходзілі замуж найчасцей у 31-35, 22 і 23 гады.
— Цікава, а нараджаюць дзятлаўчанкі найчасцей у якім узросце?
— Летась 78 жанчын нарадзілі ў 20-25 гадоў, 75 – мелі ўзрост ад 25 да 30 і 60 жанчын – ад 30 да 35 гадоў. Да дасягнення паўналецця сталі матулямі пяць дзятлаўчанак, а пасля 40 гадоў – тры.
— А што скажаце пра ўзрост татаў?
— Траім самым маладым бацькам было па 19, а двум самым сталым — пад 50.
— На колькі дзетак летась прыбыло?
— У раёне зарэгістравана нараджэнне 252 немаўлят.
— Больш хлопчыкаў ці дзяўчынак?
— Пароўну: колькі жаніхоў, столькі і нявест – па 126.
— Ці былі, як пазалетась, асабліва багатыя на немаўлятак сем’і?
— Не, тройняў не нараджалі, а вось двойняў летась зарэгістравалі пяць. Пераважная большасць народжных у 2014-ым годзе – гэта другое дзіця ў сям’і. Таксама афармлялі пасведчанні аб нараджэнні пятага дзіцяці, сёмага і двойчы – шостага. Варта, мяркую, нагадаць, што цяпер дзіця можна рэгістраваць як па месцы жыцця аднаго з бацькоў, так і па месцы нараджэння.
— А якім днём сёлета адкрыты на Дзятлаўшчыне сезон народзінаў?
— Першае немаўлятка нарадзілася 2 студзеня, назвалі Аляксеем.
— А як найчасцей называюць дзяцей?
— Кірыл, Арцём, Максім, Аляксандр, Дзмітрый, Мацвей, Даніла – вось лідары сярод мужчынскіх імёнаў, а сярод жаночых – Дар’я, Ксенія, Мілана, Анастасія, Вікторыя, Софія.
— Якія, цікава, трапілі ў “непаўторныя”?
— Сярод імёнаў, якімі называюць хлопчыкаў зрэдку, аказаліся Еўдакім, Макар, Сцяпан, Цімур, Мікалай, а сярод дзявочых – Амалія, Ева, Эліна, Віталіна, Аляўціна. Нават маё імя – Вольга – у ліку рэдкіх, летась зарэгістравана толькі адна цёзка.
— Чаго вы, Вольга Вацлаваўна, пажадаеце з нагоды свята – Дня святога Валянціна?
— Жанатым і замужнім – моцнага шлюбу, пабольш бы дзетак, а іх немаўляткам – хутчэй расці, станавіцца дужымі і разумнымі!

Гутарыла І. МІХАЙЛОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *