Рыхтуемся да вясны

Падзеі

З пачаткам вясны, пры пераходзе прыроды ў новую фазу, арганізм чалавека падвяргаецца вялікаму стрэсу з-за парушэння біярытмаў, што можа выклікаць расстройства дзейнасці ўсіх органаў і сістэмаў. Наш лад жыцця таксама адносіцца да прычынаў гэтага перападу: часта ўвесь халодны перыяд мы мала бываем на свежым паветры і тым самым абмяжоўваем свой арганізм у кіслародзе і рухах, ужываем шмат тлустай ежы, атрымліваем мала вітамінаў і сонечнага святла.

Самымі распаўсюджанымі сімптомамі знясілення арганізма з’яўляюцца слабасць, павышаная стамляльнасць, апатыя, рэзкія перапады настрою, частыя прастудныя захворванні. На гэтым фоне адбываецца яшчэ і абвастрэнне ўсіх хранічных захворванняў. Ранняя вясна асабліва небяспечная для людзей з захворваннямі сэрца, нырак, печані, страўнікава-кішачнага тракта, дыхальных шляхоў.

Як падрыхтаваць арганізм да вясны? Пасіўнае баўленне часу за праглядам тэлевізара замяніце на прагулкі на свежым паветры. Вельмі карысныя любыя спартыўныя заняткі – ранішняя гімнастыка, бег, плаванне, тэніс, танцы. У гэты час нашаму арганізму неабходны паўнавартасны сон: камусьці дастаткова і 6 гадзін, а каму для добрага самаадчування патрэбны і 9-10 гадзін.

Харчаванне ў гэты перыяд павінна ўключаць у сябе прадукты з высокім утрыманнем вітамінаў і мікраэлементаў, а не тлушчоў і вугляводаў. Пажадана паменшыць колькасць спажываемай ежы, а колькасць вадкасці, наадварот, павялічыць. Варта адмовіцца ад тлустай і вострай ежы, ад моцных алкагольных напіткаў. Ешце пабольш яблыкаў, грэцкіх арэхаў, курынага мяса, бабовых і любых морапрадуктаў, а са з’яўленнем свежага зяленіва абавязкова ўжывайце яго кожны дзень. Лепшымі напіткамі стануць кампот з сухафруктаў і чыстая вада.

А. ШАЙБАК,
галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *