Фестываль нацыянальных культур чакае гасцей

Падзеі

3-4 чэрвеня 2016 года ў Гродне пройдзе XI Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.
Фестываль нацыянальных культур традыцыйна з’яўляецца мерапрыемствам, якое аб’ядноўвае ўсе нацыянальныя меншасці, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, спрыяе захаванню нацыянальнай самабытнасці і, разам з тым, узаемаразуменню і ўзаемнаму ўзбагачэнню культур.

З-за апошніх сусветных падзеяў актуальнай становіцца не толькі тэма “дружбы народаў”, але і “мірнага суіснавання”. Прымаючы пад увагу міратворчую місію Рэспублікі Беларусь у апошні час, у новым фестывальным дзесяцігоддзі прапануецца зрабіць дадатковы акцэнт на жыццё ў міры і згодзе. Гэта актуальная палітычная тэма на Фестывалі нацыянальных культур здабудзе новае, культурна-гуманістычнае гучанне і будзе садзейнічаць далейшаму прасоўванню Рэспублікі Беларусь на сусветнай арэне як краіны з міралюбнай дыпламатыяй. Галоўная тэма фестывалю – “Беларусы — аб’ядноўваючая нацыя” з ідэяй “Мы — за мір, мір — за нас!”

Плануецца, што фестываль пройдзе пад патранатам ЮНЕСКА.

У 2016 годзе на фестывалі асноўны акцэнт плануецца зрабіць на маляўнічае маштабнае шэсце-парад і наступнае адкрыццё фестывалю — у першы дзень; працу падворкаў — у другі.

Канцэпцыя падворкаў – “Дом, у якім мы жывём”. Дыяспарам будзе прапанавана аформіць прастору “падворка” накшталт убранства хаты (цалкам або з элементамі — на выбар), з адлюстраваннем у ім традыцый вядзення побыту і нацыянальнага каларыту (юрта, сакля, хата, чум, мазанка). Гэта сімвалічна дапоўніць асноўную тэму ХІ фестывалю: кожная нацыянальнасць, у літаральным сэнсе слова, пабудуе свой дом на тэрыторыі Беларусі.
Галоўнай пляцоўкай фестывалю стане сцэна на плошчы Леніна, дадатковай сцэнай — летняя эстрада парку, сцэна на плошчы Савецкай і сцэна КЗ “Цэнтр культуры”. Кожнаму рэжысёру эпізоду і арганізатару падворка будзе акрэслена ідэйна-тэматычная лінія. Гэта дазволіць злучыць усе эпізоды разам па сэнсе і зрабіць фестываль суцэльным масавым праектам.

Дадаткова будзе звернута ўвага і на фальклорны (этна) складальнік.

З кожным фестывалем горад набывае новы культурны аб’ект. У 2016 годзе прапануецца “закласці” аб’ект, які пасля дасць магчымасць працягнуць гэтую традыцыю цэласна і не страціць сваёй творчай накіраванасці. Прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні памятнай “Этна-аранжарэі”, пабудаванай па прынцыпе “алеі зорак” (гарызантальна на плітах або вертыкальна на штатывах). Кожны фестываль прапануецца адкрываць адну кветку (замест “зоркі”). Усё гэта павінна быць выбудавана вакол аднаго цэнтра — Беларусі.

Фестываль 2016 года не страціць сваіх традыцыйных элементаў: падворкі, канцэрты нацыянальныхмастацтваў, праца інтэрнацыянальнай пляцоўкі. Будуць падрыхтаваны і новыя эпізоды:

• стварэнне “Этна-аранжарэі” і канцэрт у гонар яе закладкі,
• змена тэхналогіі свята і правядзенне шэсця ў выглядзе мотарызаванага параду,
• правядзенне лазернага вогненна-відэа шоу,
• on-line радыётрансляцыі фестывалю і радыёбатл,
• выстава нацыянальных рэчаў і зброі,
• этна-канцэрт выканаўцаў з фальклорнай манерай выканання,
• стварэнне на плошчы Савецкай цэласнага “арт-гарадка” ў стылі “стары Арбат” (мастакі, мімы, скульптуры, танцы і інш.),
• спартыўныя спаборніцтвы,
• камерцыйныя праекты: 3D відэа-паказ, ды-джэй батл, кінапаказы пад адкрытым небам.

Творчыя калектывы — прадстаўнікі нацыянальных аб’яднанняў, адабраныя на абласным узроўні для ўдзелу ў фестывалі, рыхтуюцца прадставіць свае арыгінальныя праекты летам 2016 года.

В. АПАНОВІЧ,
намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *