Брэсцкая і Мінская вобласці перасягнулі мільённы рубеж у намалоце збожжа

Падзеі

Аграрыі Брэсцкай і Мінскай абласцей перасягнулі мільённы рубеж у намалоце збожжа. Па стане на 6 жніўня ў гэтых рэгіёнах намалочана 1 млн 35 тыс.т і 1 млн 6 тыс.т адпаведна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.

У цэлым уборка збожжавых і зернебабовых цяпер ідзе вельмі хуткімі тэмпамі. Так, толькі за ўчарашні дзень было ўбрана практычна 5 працэнтаў плошчы. Усяго ж на сёння заданне выканана больш як на 54 працэнты (убраны 1 млн 220 тыс.га з 2 млн 250 тыс.га). Пры гэтым у асобных раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей уборка ўжо завяршылася.

Усяго ў рэспубліцы на сёння намалочана больш за 4 млн 436 тыс.т збожжа. У сярэднім з 1 га аграрыі маюць 36,4 ц. Пры гэтым у рэспубліцы ёсць шэраг гаспадарак, ураджайнасць збожжавых у якіх вышэйшая за 70-80 і 90 ц/га. Рэкардсменам з’яўляецца ААТ «Агракамбінат «Сноў» — тут з 1 га ўбіраюць у сярэднім 102 ц збожжа.

Як адзначыў сёння ў гутарцы з журналістамі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, дзякуючы надвор’ю, якое ўсталявалася цяпер у Беларусі, у аграрыяў ёсць усе шанцы завяршыць уборку на працягу 10 дзён. Пры гэтым кіраўнік ведамства падкрэсліў: «Вядома, нам неабходна забяспечыць тэмпы ўборкі, якасць, але важна пры гэтым не забываць і аб здароўі людзей. Усё павінна разумна спалучацца».

Сёння хлебаробы стараюцца максімум выкарыстоўваць кожны сонечны дзень. Таму нагрузка вялікая не толькі на тэхніку, але і на механізатараў, камбайнераў. «Яны працуюць да поўначы, гадзіны ночы, — адзначыў міністр. — Пасля гэтага, зразумела, трэба адаспацца, аднавіць сілы за ноч, перш чым выйсці з поле. Для таго каб яны маглі адпачыць, ёсць другія экіпажы, памочнікі».

Усяго сёлета ў жніве задзейнічана каля 10 тыс. адзінак збожжаўборачнай тэхнікі, прыкладна 90 працэнтаў якой — айчыннай вытворчасці. Паводле слоў міністра, большасць машын абсталяваны кандыцыянерамі, дзякуючы чаму хлебаробам лягчэй пераносіць спёку.

Logo BelTA



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *