В. Ламака: “Настойлівасць дапамагае працаваць вынікова”

Падзеі

Існуе меркаванне, што ў сілавых структурах павінны працаваць толькі мужчыны, але, як паказала практыка, яно памылковае. Паспяховымі праваахоўнікамі і вайскоўцамі могуць быць і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, а пагоны на жаночых плячах глядзяцца даволі прывабна.

І няхай многія гавораць, што не жаночая гэта справа — сачыць за захаваннем законнасці, Радзіму абараняць, жанчыны ў пагонах сваім прафесіяналізмам і паспяховасцю аспрэчваюць і будуць аспрэчваць гэтую думку. Яскравы прыклад таму — старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Іванаўна Ламака. Па выніках 2012 года ў абласных прафесійных спаборніцтвах яна заняла першае месца як лепшы супрацоўнік сярод аддзяленняў па грамадзянстве і міграцыі Гродзеншчыны, а сёлета яе партрэт змешчаны на раённую Дошку гонару. І гэта далёка не ўсе заслугі жанчыны-інспектара.
Вольга Іванаўна скончыла юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, паспяхова працавала ў судзе Дзятлаўскага раёна архіварыусам, але спыняцца на дасягнутым не збіралася. Аднойчы ранейшы начальнік групы кадраў Дзятлаўскай міліцыі Аляксандр Казіміравіч Сачык прапанаваў ёй перайсці ў аддзел і паспрабаваць сябе ў прафесіі міліцыянера. Прапанову прыняла, але давялося скончыць курсы перападрыхтоўкі ў Мінску. Вельмі складаныя, як у арміі: вывучала прыёмы самаабароны, вучылася трапна страляць, займалася фізічнай загартоўкай. Затое, працуючы ў аддзеле, Вольга Іванаўна ні разу не пашкадавала аб сваім выбары.

DSC03450
— Работа ў мяне цікавая, багатая на падзеі, і ў ёй галоўнае — чалавек. Як не бывае аднолькавых людзей, так і ў нашай рабоце не здараецца аднолькавых сітуацый, кожная з іх па-свойму адметная, гэта мне і падабаецца. Наша аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі выконвае для насельніцтва 50 адміністрацыйных працэдур, таму справаў хапае. Работа з дакументамі патрабуе дакладнасці, а некаторыя людзі могуць нават сваё прозвішча напісаць з памылкамі. Таму маё працоўнае крэда — ветлівасць і ўважлівасць. А характэрная рыса — настойлівасць, якая дапамагае працаваць вынікова. Я — чалавек актыўны: ніколі не адкладваю справы на апасля, стараюся зрабіць іх адразу і да канца.
Вольга Іванаўна — старшы інспектар, а гэта значыць, на яе плячах — кантроль за ўсёй работай падраздзялення. Гэта і законнасць выдачы пашпартоў, і законнасць дазволаў на часовае пражыванне і знаходжанне іншаземцаў на тэрыторыі нашага раёна, і законнасць іх рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
— Сёння найбольш актуальным накірункам нашай работы, — тлумачыць Вольга Ламака, — з’яўляецца кантроль за знаходжаннем іншаземцаў на Дзятлаўшчыне. Гэта звязана з сітуацыяй у суседняй Украіне: толькі за тры апошнія месяцы ў раён прыехалі 77 грамадзян гэтай краіны. 2015 год для міліцыі няпросты: краіна святкуе 70-годдзе Вялікай Перамогі, рыхтуецца да выбараў Прэзідэнта, а наш раён яшчэ і да абласных «Дажынак». Паўсядзённая задача праваахоўнікаў — забяспечваць спакой і мірнае жыццё людзей. Вось і наведваем, правяраем іншаземцаў, праводзім прафілактычныя мерапрыемствы, вядзём кантроль за іх правапарушэннямі. Законапаслухмяныя грамадзяне іншых краінаў могуць не хвалявацца, убачыўшы людзей у пагонах, а да злосных парушальнікаў выкарыстоўваем адпаведныя меры пакарання, у тым ліку і дэпартацыю на іх радзіму.
Пытаюся ў Вольгі Іванаўны пра сакрэты прафесійнага поспеху. Яна, не задумваючыся, адказвае, што галоўны з іх — узаемаразуменне. За восем гадоў службы ў міліцыі Вольга Ламака навучылася адчуваць людзей, стала някепскім псіхолагам. І калі да яе ў кабінет заходзіць чалавек, яна ўважліва выслухоўвае яго просьбу, высвятляе акалічнасці сітуацыі, спрабуе зразумець характар наведвальніка, каб знайсці найбольш аптымальнае рашэнне менавіта яго праблемы. Сітуацыі бываюць розныя: хтосьці проста мяняе ці атрымлівае пашпарт, а іншы — згубіў дакументы, нехта вельмі спяшаецца, і ўсім трэба дапамагчы. Толькі ў такім выпадку чалавек выйдзе з кабінета задаволеным і ў добрым настроі.
Узаемаразуменне пануе і ў невялікім калектыве групы па грамадзянстве і міграцыі.
— Я ўпэўнена магу сказаць, што наш калектыў самы лепшы, — сцвярджае Вольга Іванаўна, — дысцыплінаваны, дружны, згуртаваны, выпрабаваны часам. Калі ішла працаваць у аддзел, то пра такія шчырыя адносіны з калегамі магла толькі марыць, а цяпер яны для мяне — рэальнасць. Таму на службу заўжды іду з задавальненнем і выдатным настроем.
Дома жанчына-міліцыянер — любімая жонка і клапатлівая матуля. Двое яе мужчын, муж Аляксандр і сын Ілья, з нецярпеннем чакаюць яе са службы. Калі Вользе Іванаўне здараецца затрымацца, самі могуць прыгатаваць вячэру, прыбраць у кватэры. Любоў і падтрымка родных дапамагаюць пазбавіцца ад стомы, «скінуць» з сябе груз працоўных клопатаў. Аднак і ў вольны час Вольга не любіць сядзець на месцы, яе актыўная натура вымушае шукаць актыўныя формы адпачынку: пагуляць з сябрамі ў валейбол, выехаць з начлегам на раку Шчару. Пасядзець яна здольна толькі за цікавай кніжкай.
— Затое такі лад жыцця дазваляе трымаць сябе ў выдатнай форме, — прызнаецца Вольга Іванаўна, — бо штогадовыя спартыўныя нарматывы для супрацоўнікаў міліцыі ніхто не адмяняў. Яны абавязковыя і для жанчын у пагонах.
Ад сябе дадам толькі, што аднойчы ў час агульнагарнізоннага інструктажу асабовага саставу Дзятлаўскага райаддзела міліцыі мне давялося назіраць адпрацоўку праваахоўнікамі навыкаў рукапашнага бою. Тады Вольга Іванаўна Ламака ўмела «паклала на лапаткі» аднаго са сваіх калегаў-мужчын. Таму да ўсяго сказанага дадам: жанчыны ў пагонах не толькі выдатныя супрацоўнікі, але здольныя і за сябе пастаяць, і іншых абараніць.
І. КАЎКЕЛЬ
НА ФОТАЗДЫМКУ: старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Іванаўна Ламака.
Фота прадастаўлена АУС Дзятлаўскага райвыканкама

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *