Прэзідэнцкія выбары пройдуць дастойна і па канстытуцыі

Падзеі

Пра гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў у час рабочай сустрэчы са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў канцы мінулага года выказвалася шмат думак пра тое, што прэзідэнцкія выбары ў краіне правядуць датэрмінова. “Выказванняў у канцы мінулага года было шмат: Лукашэнка правядзе выбары ў лютым, сакавіку, пакуль тут не настаў горшы час, скарыстаецца сітуацыяй ва Украіне і гэтак далей, і да таго падобнае, — адзначыў Прэзідэнт. — Я тады сказаў, што мы сумленна правядзём гэтыя прэзідэнцкія выбары і ў тэрмін. Мы гэта слова трымаем”.

Гаворачы пра міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў час правядзення прэзідэнцкай кампаніі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што “мы іх павінны выканаць, як і раней, спаўна”.

“Мы нікому не будзем забараняць назіраць за выбарамі, у тым ліку і збоку, як і ўнутраным назіральнікам. Адзінае, хачу папрасіць, каб мы не абяцалі таго, чаго не можам зрабіць, і не эксперыментавалі па-за законамі, — сказаў Прэзідэнт. — У нас ёсць законы, нармальныя законы — не горшыя, чым у іншых, якія могуць забяспечыць стабільнасць і спакойнае правядзенне ўсёй гэтай электаральнай кампаніі, у тым ліку пасля прэзідэнцкіх выбараў”.

У час рабочай сустрэчы былі таксама закрануты пытанні фінансавання выбарчай кампаніі. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, лішніх грошай няма, але ўсё павінна быць дастойна, як і раней. “У нас ніколі не было перабораў. У нас не траціліся сотні мільёнаў, мільярды долараў на гэтыя кампаніі. Ніякіх хабараў, ніякіх пабораў. У гэтых адносінах мы можам узорам служыць для любой дзяржавы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у найбліжэйшы час адбудзецца нарада са службовымі асобамі, якія будуць удзельнічаць у арганізацыі правядзення выбарчай кампаніі. Галоўную ролю ў гэтым працэсе ў адпаведнасці з заканадаўствам будзе іграць ЦВК. Цэнтрвыбаркаму трэба будзе выказаць свае прапановы па канкрэтнай даце правядзення прэзідэнцкіх выбараў, рашэнне па гэтым пытанні будзе прымаць парламент. “Усё будзе дастойна і па Канстытуцыі”, — сказаў напрыканцы кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Лідзія Ярмошына праінфармавала, што ЦВК прапануе правесці выбары Прэзідэнта Беларусі 11 кастрычніка. Гэтая дата апраўдана, паколькі не давядзецца збіраць пазачарговую сесію Палаты прадстаўнікоў для таго, каб аб’явіць выбарчую кампанію. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама мае намер звярнуцца ў парламент, каб гэта адбылося 30 чэрвеня і, такім чынам, быў пакладзены пачатак прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

БелТа



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *