А. Дубовік: «Мы заўжды адкрытыя для гандлёвых партнёраў»

Падзеі

На ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» прайшла прэзентацыя-дэгустацыя ўласнай прадукцыі. На сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі буйных гандлёвых сетак і cпажыўкааперацыі Гродзеншчыны — патэнцыяльныя партнёры прадпрыемства, у тым ліку начальнік упраўлення гандлю Гродзенскага аблвыканкама В. І. Давідовіч, начальнік упраўлення гандлю Гродзенскага аблспажыўтаварыства М. Ф. Юркевіч.

IMG_3389

Павітаў гасцей начальнік аддзела маркетынгу ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Гроднамясамалпрам» А. А. Трыдзенежкін. Ён расказаў, што нядаўна ў Гродзенскім аблвыканкаме прайшла нарада з удзелам намесніка старшыні Алены Аляксандраўны Агей. Там абмеркавалі шэраг пытанняў, якія тычыліся работы прадпрыемстваў вобласці. Перад кіраўнікамі была пастаўлена задача максімальна забяспечыць рынак Гродзеншчыны прадукцыяй мясцовых вытворцаў. Тады і было вырашана правесці першую прэзенацыю-дэгустацыю прадукцыі. Пляцоўкай для яе правядзення выбралі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», прадукцыя якога выходзіць пад брэндам «Сырная страна». У канцы 2014 года тут быў запушчаны новы цэх па вырабе мяккіх сыроў рыкота з сыроваткі. Гэта практычна безадходная вытворчасць, а прадукт — максімальна карысны для здароўя чалавека. Таксама ў новым цэху ўстаноўлена абсталявання для слайсернай нарэзкі і ўпакоўкі сыроў, аналагаў якому пакуль няма на Гродзеншчыне. Сёння адзіны канкурэнт завода ў Беларусі — брэсцкі «Савушкін прадукт». Патэнцыяльных гандлёвых партнёраў запрасілі на Дзятлаўшчыну, каб яны пабачылі працэс вытворчасці сыру, пакаштавалі прадукцыю і данеслі неабходную інфармацыю да пакупнікоў.

IMG_3404

IMG_3416

Дырэктар ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» А. М. Дубовік падзякаваў прысутным за візіт. Аляксандр Міхайлавіч зазначыў, што ў наш час у перапрацоўчых прадпрыемстваў ёсць магчымасці выпускаць якасную прадукцыю, але каб яе рэалізаваць, неабходна наладжваць цеснае супрацоўніцтва з гандлем. Таксама кіраўнік прадпрыемства расказаў аб Дзятлаўскім сыраробным заводзе, які працуе ў райцэнтры з 1945 года. Апошнім часам тут ідзе актыўная мадэрнізацыя. З 2008 года перасталі выпускаць цэльнамалочную прадукцыю, тварог і заняліся выключна сыраробствам, была ўстаноўлена новая аўтаматычная лінія для вытворчасці сычужных цвёрдых сыроў. У 2010 годзе пачала працаваць лінія па вытворчасці балгарскіх сыроў такіх, як чэдэр, качкавал, сулугуні. У мінулым годзе ўведзена ў эксплуатацыю лінія па вытворчасці італьянскіх сыроў тыпу рыкота, капрэзе, філадэльфія. Цяпер прадпрыемства можа забяспечыць любы асартымент прадукцыі. Геаграфія продажу шырокая: ад Калінінграда да Камсамольска-на-Амуры ў Расійскай Федэрацыі, Туркменістан, Малдова, Украіна, Казахстан. Па выніках мінулага года 85% прадукцыі завода ішло на экспарт, а 15% пастаўлялася на ўнутраны рынак Рэспублікі Беларусь.

IMG_3439

Напрыканцы свайго выступлення Аляксандр Міхайлавіч зазначыў, што «Сырная страна» заўжды адкрытая для гандлёвых партнёраў і запрасіў гасцей на экскурсію ў новы цэх.

IMG_3451

Тут удзельнікаў сустрэчы чакаў прыемны сюрпрыз — прэзентацыя-дэгустацыя прадукцыі. Выстава была аформлена так, каб гандлёвыя партнёры змаглі не толькі пакаштаваць сыры, але і пабачыць, як яны ўпакаваны, у якім выглядзе трапляюць у гандлёвыя сеткі. Галоўны тэхнолаг прадпрыемства Н. У. Сцяцко расказала пра вытворчасць і харчовыя ўласцівасці мяккіх сыроў тыпу рыкота і капрэзе. Наталля Уладзіміраўна зазначыла, што ў камплекце абсталявання новага цэху працуе аўтамат па нарэзцы сыру на слайсы, які дае магчымасць наразаць і запакоўваць не толькі капрэзе, але і вядомыя пакупнікам сычужныя сыры. Новая ўпакоўка вельмі зручная: яе можна адкрываць і закрываць. Сёння Дзятлаўскі сырзавод здольны поўнасцю забяспечыць рынак Гродзенскай вобласці нарэзанымі сырамі.

IMG_3456

У час прэзентацыі госці мелі магчымасць задаваць пытанні дзятлаўскім сыраробам, пыталіся аб тэрмінах выспявання вырабляемых сыроў, магчымасцях падаць заяўкі на прадукцыю, транспартных пастаўках, адтэрміноўках плацяжоў, прадстаўніцтвах прадпрыемства ў розных абласцях Беларусі.

IMG_3482

IMG_3492

IMG_3497

IMG_3527

IMG_3556

Напрыканцы мерапрыемства карэспандэнтка пацікавілася ў прадстаўнікоў абодвух бакоў: што даюць падобныя сустрэчы?

Аляксандр Фарытавіч Аскараў, дырэктар філіяла ТАА «Еўраопт» у Гродне:

— Такія сустрэчы вельмі карысныя. Я знаходжуся ўпершыню на малочным прадпрыемстве Гродзенскай вобласці. Дзятлаўскія сыраробы пакуль адзіныя, хто выказаў жаданне пазнаёміць прадстаўнікоў гандлёвых сетак і буйных магазінаў з вытворчасцю сваёй прадукцыі. З сырамі «Еўраопт» працуе даўно, і гэта прадукцыя не толькі вытворцаў Гродзеншчыны. Калі казаць непасрэдна пра «Сырную страну», то яе прадукцыя правераная часам, можа скласці дастойную канкурэнцыю іншым. Тут улічваюць патрэбы сучаснага спажыўца, таму закупілі новае абсталяванне для слайсернай нарэзкі. Думаю, новая прадукцыя знойдзе свайго пакупніка. Тым больш, што для гандлю важна, каб сыр быў фасаваны, што змяншае працазатраты ў магазіне, ды і тэрмін прыдатнасці ў такога сыру большы, даставіць і выставіць яго ў гандлёвую залу лягчэй. Сучасны спажывец таксам выбірае прадукт не толькі па харчовых уласцівасцях, але і па зручнасці. Тут упакоўку можна адкрываць і закрываць, класці назад у халадзільнік. Варта дадаць яшчэ адну важную для гандлю дэталь: з моманту прыёмкі зручна запакаванага тавару да выкладкі яго на паліцы праходзіць мінімум часу — магазінам так зручней.

Алена Віктараўна Якімчык, тэхнік-тэхнолаг ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод»:

— Ёсць буйныя гандлёвыя сеткі, з якімі складана наладзіць супрацоўніцтва напрамую, неабходна звяртацца ў галоўны магазін, а там могуць нічога не ведаць аб нашай прадукцыі. Такія прэзентацыі-дэгустацыі для буйных прадстаўнікоў гандлю даволі выніковыя. Людзі бачаць працэс вытворчасці, каштуюць прадукцыю, знаёмяцца з намі, абменьваюцца кантактамі. Пазней можна без праблемаў наладзіць пастаўкі. А мы са свайго боку стараемся ўлічыць усе пажаданні і патрабаванні кліентаў, імкнёмся стаць для іх надзейнымі партнёрамі.

 

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *