26 чэрвеня — Дзень работнікаў пракуратуры

Падзеі

В. ЗАЯЦ: «ГОД ЗАКЛІКАЕ ДА АКТЫЎНАЙ ПРАЦЫ»

Прафесійнае свята — прыемная нагода, каб яшчэ раз узгадаць аб работніках галіны. Але да святаў вядуць працоўныя будні, менавіта яны, як правіла, становяцца тэмай размовы. Як праходзяць працоўныя будні работнікаў пракуратуры Дзятлаўскага раёна, карэспандэнтка газеты пацікавілася ў пракурора В. Зайца.

— Віталь Мікалаевіч, якой для пракуратуры Дзятлаўскага раёна была першая палова 2015 года?

— Працуем згодна з планамі, збояў у рабоце не было, выяўлялі асобныя парушэнні і адразу рэагавалі на іх. Калі казаць пра абстаноўку ў раёне і ўзровень злачыннасці, то назіраюцца паляпшэнні.

IMG_3782

— На якія пытанні звяртаеце асаблівую ўвагу?

— Па-ранейшаму актуальнымі застаюцца пытанні прафілактыкі адміністрацыйных і крымінальных правапарушэнняў, выканання суб’ектамі гаспадарання раёна заканадаўства аб эканамічнай дзейнасці, захавання працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, пытанні бяспекі жыцця і здароўя грамадзян, як у быце, так і на вытворчасці. Шмат увагі пракуратуры раёна скіравана на прафілактыку крадзяжоў прыватнай і дзяржаўнай маёмасці.

Сёлетні год заклікае да актыўнай працы. Як Год моладзі, ён вымушае сачыць за рэалізацыяй дзяржаўнай моладзевай палітыкі, як год 70-годдзя Вялікай Перамогі і год выбараў — за спакоем і стабільнасцю жыцця грамадзян. Зноў жа, Дзятлаўшчына рыхтуецца да правядзення абласных «Дажынак», што звязана з будаўніцтвам, навядзеннем парадку на прылеглых тэрыторыях, рамонтам адміністрацыйных будынкаў і дарог. На актыўнай стадыі падрыхтоўкі работы ў нас пабольшае: будзем сачыць, каб не здаралася траўмаў і няшчасных выпадкаў, выконваліся правілы бяспекі і працоўная дысцыпліна. Дарэчы, парушэнні нормаў бяспекі і правілаў аховы працы мы ўжо фіксавалі ў час будаўніцтва новага корпуса райвыканкама. Хочацца, каб такіх заўвагаў было менш, будзем кантраляваць.

На жаль, актуальнай застаецца праблема барацьбы са злачынствамі супраць асобы. У раёне не першы год учыняюцца асабліва цяжкія злачынствы. Працуем, каб стрымаць гэтую хвалю, каб у далейшым іх не фіксавалася.

Доўгі час праваахоўныя органы Дзятлаўскага раёна не выяўлялі карупцыйных злачынстваў, сёлета ўзбуджана адна крымінальная справа, ідзе следства. Гэта вынік некалькіх гадоў работы. Мы і надалей будзем пільна сачыць за рацыянальным выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнымі прадпрыемствамі і ўстановамі, нямэтавым іх выкарыстаннем.

IMG_3814

— А з якімі пытаннямі ў пракуратуру звяртаюцца жыхары раёна?

— Калі казаць пра звароты грамадзян, то пераважаюць пытанні аб рабоце следчых органаў, аб выкананні пакаранняў, прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці. Даволі часта людзі звяртаюцца з пытаннямі, якія тычацца працоўнага заканадаўства: аб выплаце заработнай платы, пенсій, прэміяльных, захаванні бяспечных умоваў працы. Не менш надзённай для Дзятлаўшчыны можна назваць праблему захавання зямельнага заканадаўства.

Варта зазначыць, што найчасцей пракуратура для людзей — апошняя надзея. Стараемся вырашаць іх праблемы. На жаль, усё ўскладняецца з-за «папяровай» работы. У кожнага дакумента свае тэрміны выканання, а людзі чакаюць адказаў, дапамогі. Хацелася б большай аператыўнасці.

IMG_3791

— Якія планы ў пракуратуры на наступнае паўгоддзе?

— Будзем сачыць за законнасцю падрыхтоўкі і правядзення абласных «Дажынак» — ад пытанняў фінансавання да выканання работ і падвядзення вынікаў. Як і раней, на кантролі будзе нарыхтоўка гаспадаркамі кармоў, жніво, захаванасць маёмасці, а таксама захаванне законнасці і парадку ў час выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

IMG_3819а

— Ці прымае калектыў пракуратуры ўдзел у галіновых спаборніцтвах і конкурсах?

— Нягледзячы на тое, што ў калектыве нас мала, стараемся ўдзельнічаць. Сёлета ў складзе зборнай каманды змагаліся за выхад у фінал на традыцыйных гульнях па міні-футболе. Барацьба ішла паміж зборнымі камандамі пракуратуры Гродзенскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей. На гэты раз першынствавалі гомельскія калегі. Прымалі ўдзел у таварыскай сустрэчы-спартакіядзе з работнікамі пракуратуры Брэсцкай вобласці. Па магчымасці мы стараемся ўдзельнічаць і ў раённых мерапрыемствах: на 8 Сакавіка спявалі для жанчын Дзятлаўшчыны на гарадской сцэне.

_MG_3843

— Без мінулага — няма будучыні. Ці падтрымліваеце сувязь з ветэранамі працы?

— Безумоўна. У нашым раёне жывуць два былыя работнікі пракуратуры Дзятлаўскага раёна —  Аляксандр Уладзіміравіч Пратаковіч (былы пракурор), Ванда Іосіфаўна Ванчук (былая загадчыца канцылярыі). Іх абавязкова наведваем, віншуем са святам.

Летась да 70-годдзя заснавання пракуратуры Гродзенскай вобласці была надрукавана юбілейная кніга, у якой адлюставаны асноўныя вехі гісторыі, працэс станаўлення. На старонках кнігі ёсць артыкулы і пра нашых ветэранаў.

_MG_3838

— Чаго пажадаеце калегам і былым работнікам да прафесійнага свята?

— Каб ім заўжды спадарожнічалі поспех і ўдача, а падзеі жыцця былі толькі станоўчыя і спрыялі прафесійнаму росту, дабрабыту і ладу ў сем’ях, падтрымкі родных і блізкіх, бадзёрасці духу, святочнага настрою.

Гутарыла І. СТЫРНІК

НА ФОТАЗДЫМКАХ:

  1. Пракурор Віталь Мікалаевіч Заяц.
  2. Памочнік пракурора Ірына Аляксандраўна Забеліна.
  3. Загадчыца канцылярыі Святлана Станіславаўна Пузач.
  4. Намеснік пракурора Аляксандр Паўлавіч Юркевіч.
  5. Вадзіцель Аляксандр Яўгенавіч Кулеш.
  6. Прыбіральшчыца Алена Аляксееўна Вішнарэўская.

Фота Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *