Моладзь Дзятлаўшчыны стартуе: «Святкі.by»

Падзеі

Дзе на Дзятлаўшчыне збіраецца самая актыўная і крэатыўная працоўная моладзь нашага раёна, каб выдатна правесці час з песнямі і танцамі, жартамі і гумарам, цікавымі знаёмствамі і найлепшымі ўражаннямі? Вядома, на традыцыйнай сустрэчы маладых спецыялістаў “Святкі. by”. Менавіта з яе сёлета пачалася акцыя “Моладзь Дзятлаўшчыны стартуе”, прымеркаваная да адкрыцця Года моладзі на Дзятлаўшчыне.

Арганізатары сустрэчы – раённы камітэт ГА “БРСМ”, сектар па рабоце з моладдзю Дзятлаўскага раённага дома культуры, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама пры падтрымцы прафсаюзных арганізацый – паклапаціліся, каб кожны ўдзельнік “Святак. by” адчуваў сябе жаданым госцем і адначасова мог прадэманстраваць свае здольнасці і таленты. Як кажуць, на іншых паглядзець і сябе паказаць.

Павітаць маладых спецыялістаў прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама М. Мацюкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Камароў, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Калодка, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С. Фабішэўскі, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” А. Чурай.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі пажадаў маладым людзям быць працавітымі і неабыякавымі, бо ад гэтага залежыць будучыня нашай краіны, дабрабыт беларусаў, прыгажосць і росквіт дзятлаўскай зямлі. Аляксандр Станіслававіч нагадаў, што Год моладзі будзе багаты на падзеі: нас чакаюць святкаванне 70-годдзя Перамогі, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, абласныя “Дажынкі” ў Дзятлаве. Гэта патрабуе ад маладых аптымізму, актыўнасці, творчай ініцыятывы, і не варта забывацца, што будучыню Радзімы ствараць маладым.

Да пажаданяў далучыўся намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. Мацюкевіч. Ён зазначыў, што моладзь – самая актыўная частка насельніцтва, рухавік прагрэсу, і дадаў, што нас чакае яшчэ адна значная дата: сёлета спаўняецца 75 гадоў з дня ўтварэння Дзятлаўскага раёна. У час падрыхоўкі да ўсіх святаў менавіта ад маладых мы чакаем цікавых ідэяў, праектаў, прапановаў. А кіраўніцтва раёна, у сваю чаргу, дапаможа іх ажыццявіць.

Пасля афіцыйнай часткі сустрэчы вядучыя “Святак. by” Наталля Маліноўская, Ірына Цяцерына, Таццяна Дудкіна прапанавалі маладым спецыялістам пазнаёміцца бліжэй. Дзеля гэтага на імправізаваную сцэну запрасілі па некалькі прадстаўнікоў ад кожнай арганізацыі і гаспадаркі. Спецыялісты расказалі аб сваёй рабоце з дапамогай жартоўных прыпевак. Затым прайшла забаўляльная музычная гульня: кожны столік атрымліваў паперку са словам і павінен быў праспяваць песню, у якой гэтае слова сустракаецца. Пераможцаў вызначылі па самых дружных апладысментах залы. А тым часам у руках вядучых з’явіўся чароўны капялюш, здольны чытаць чужыя думкі. Жарт, вядома, але колькі станоўчых эмоцый ён выклікаў.

Падбадзёрвалі маладых спецыялістаў музычнымі і танцавальнымі нумарамі Максім Юганаў, Іван Кашко, Мікалай Райко, Улад Чарняўскі, Таццяна Калодка, Ірына Кулеш, Кацярына Солтан. Але быць пасіўнымі слухачамі і гледачамі ўдзельнікам свята даводзілася нядоўга. У дружны карагод хлопцаў і дзяўчат запрасіла вясёлая цыганка – Ала Чарняўская. А затым вядучыя прапанавалі жадаючым паўдзельнічаць у здымках новага відэакліпа на песню Аляксандра Сярова “Я люблю цябе да слёз”. Салістам выбралі ўсё таго ж непараўнальнага Мікалая Райко. І новы кліп атрымаўся не горшы за арыгінальны, дзякуючы асвятляльнікам, падтанцоўцы, харызматычным гітарыстам і намаганням кінааператара.

Затым гасцям свята прапанавалі невялікі экскурс у мінулае: з дапамогай слайд-шоу ўзгадалі, як цікава і карысна ўмее бавіць свой вольны час моладзь нашага раёна. Тут былі фотаздымкі мінулых “Святак. by”, моладзевага конкурсу “Артмажор”, рэтрасустрэчы “Авоськаў няма”, конкурсу грацыі і прыгажосці “Краса Дзятлаўшчыны”.

Завяршыліся “Святкі. by” вясёлай дыскатэкай, у час якой дзяўчаты паспаборнічалі ў танцах з хлопцамі.

Як прызналіся ўдзельнікі сустрэчы, свята нікога не пакінула раўнадушным, бо засумаваць або проста пасядзець спакойна не меў магчымасці ніхто. Спадарожнікамі вечара сталі дасціпны гумар, невычэрпная фантазія, добры настрой. На развітанне маладыя людзі казалі адзін аднаму: “Да новых сустрэч”, а іх, як паабяцалі арганізатары свята, сёлета будзе багата: на розную тэматыку, але пад адным дэвізам – “Будучыня – за маладымі”.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *