Метадыст бібліятэчнага маркетынгу

Падзеі

Сёлета спаўняецца дваццаць гадоў, як Марына Леанідаўна Бортка працуе ў бібліятэчнай галіне. Цяпер яна метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. Жанчына ўзначальвае яшчэ і Дзятлаўскі райкам прафсаюзу работнікаў культуры. А пачынала свой прафесійны шлях Марына Леанідаўна бібліятэкарам у Раманавіцкай сельскай бібліятэцы.

IMG_1324b1

Гэтай установы культуры ўжо не існуе, як і многіх іншых сельскіх бібліятэк. Цяпер Дзятлаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма налічвае 16 ўстановаў кніжнай культуры, кожная з якіх мае сваю спецыфіку работы. Так, у Раклевічах працуе бібліятэка-цэнтр традыцыйнай культуры, у Жукоўшчыне — цэнтр духоўна-мастацкай спадчыны, у Хвінявічах — цэнтр фарміравання здаровага ладу жыцця.

Метадычная дапамога бібліятэкарам раёна ў правядзенні прэзентацый, выставаў, цікавых мерапрыемстваў, у рабоце аматарскіх аб’яднанняў — усё гэта складае аснову справы Марыны Леанідаўны. Якасна працаваць жанчыне даюць магчымасць веды, назапашаныя ў час вучобы ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме і Беларускім універсітэце культуры, важкі вопыт работы. Асноўнай мэтай яе з’яўляецца папулярызацыя кнігі, рэклама сярод чытачоў. І гэта адбываецца не толькі праз буклеты, прэзентацыі, але і з выкарыстаннем Інтэрнэту: ужо некалькі гадоў паспяхова працуе сайт Дзятлаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. На яго старонках, тлумачыць Марына Леанідаўна, карыстальнікі інтэрнэт-прасторы змогуць знайсці шэраг цікавай інфармацыі, даведацца аб кніжных навінках, якія паступілі ў раённую біблітэку, прачытаць аб пісьменніках-юбілярах. Пакінуць свае водгукі аб прачытаных кнігах, аб мерапрыемствах чытачы могуць на інтэрнэт- форуме. У планах, гаворыць Марына Леанідаўна, стварыць базу даных па гісторыі вёсак Дзятлаўшчыны, каб чытач зручна і хутка змог знайсці інфармацыю аб мінулым той ці іншай мясцовасці.

Афармленнем інтэрнет-сайта займаецца інжэнер-праграміст Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Андрэй Юр’евіч Бойка. А вось узначальвае аддзел бібліятэчнага маркетынгу Святлана Валянцінаўна Сербін.

У вольны час Марына Леанідаўна любіць чытаць, займацца вырошчваннем кветак, любімыя з якіх — ружы. У сілу спецыфікі сваёй работы жанчына валодае важкім багажом прачытаных кніг. Ёсць сярод іх і любімыя.

— У дзяцінстве, — гаворыць Марына Леанідаўна, — мне падабаліся кнігі ваеннай тэматыкі. Вялікае ўражанне пакінуў твор Закруткіна «Матерь человеческая». Нядаўна з дочкай перачытвала паэму Якуба Коласа «Новая зямля» . Яшчэ раз упэўнілася, што класіка заўжды актуальная, цікавая. Апошнім часам люблю гістарычныя творы, спадабалася аповесць Вольгі Іпатавай «За морам Хвалынскім». А вось фантастыка не ўваходзіць у лік маіх кніжных перавагаў.

— Нягледзячы на новыя тэхналогіі, камп’ютар,— працягвае думку Марына Леанідаўна, — усё ж лічу, што яны не заменяць папяровай кнігі. Каб яна па-ранейшаму была папулярная сярод чытачоў — гэтага пажадаю сваім калегам напярэдадні іх свята. А таксама здароўя, поспехаў, прафесійнага росту, добрай заработнай платы.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Б. ВАРНЫ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *