Цёплае свята для мудрых людзей

Галоўнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца сустрэчы ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”.

Яны скіраваны на тое, каб дарыць увагу і клопат людзям старэйшага пакалення, напаўняць іх жыццё радасцю і пазітывам.

Чарговае мерапрыемства акцыі з ініцыятывы Новаяльнянскага сельвыканкама і мясцовых артыстаў прайшло ў Доме культуры. Разам з навучэнцамі і педагогамі малодшых класаў школы арганізатары ўшаноўвалі жыхароў гарпасёлка “сярэбранага ўзросту”.

Павітала ўдзельнікаў мерапрыемства старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч:

– Адносіны паміж маладым і старэйшым пакаленнямі павінны быць паважлівымі, на што і скіравана акцыя “Ад усёй душы”, таму на сустрэчу мы запрасілі школьнікаў. Спадзяюся, тая іскрынка дабрыні і цеплыні, якую мы стараемся “запаліць” сёння ў сэрцах, застанецца з вамі яшчэ надоўга. Дзякуючы Прэзідэнту Беларусі другі год запар у нашай краіне праводзіцца гэты дабрачынны праект, думаю, і для нашага пасёлка ён стане выдатнай традыцыяй. Жадаю вам моцнага здароўя, мірнага неба, простага чалавечага шчасця. Вельмі ўдзячна нашым спонсарам. Гэта індывідуальныя прадпрымальнікі Сняжана Турчэнік, Генрых Барановіч, Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, магазін “Капеечка” ЗАТ Дабраном, Рэспубліканская туберкулёзная бальніца “Наваельня”.

– Дарагія нашы бабулі і дзядулі, віншуем вас са святамі, перадаём свае любоў і цяпло, – са святочнымі паштоўкамі для мудрых людзей да віншаванняў далучыліся школьнікі.

Ад Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня” ўдзельнікаў свята павіншаваў Мечыслаў Доўгань:

– Дарагія землякі, многія з вас мне добра знаёмы, бо працую тут з 1971 года. Мы прадстаўнікі мінулага стагоддзя, ужо не такія актыўныя і мабільныя, бо жыццё бяжыць, многае мяняецца. Тым не менш, жадаю вам здароўя, душэўнай раўнавагі, сілаў, спакою, міру на роднай зямлі і шчасця.

Музычныя падарункі для ўдзельнікаў сустрэчы і шчырыя пажаданні падрыхтавалі Таццяна Загорцава, Валерый Герасіменка, Наталля Нагорная, Аляксандр Саалятэ, а таксама Дзед Мароз і Снягурачка. Разам з імі дзеці вадзілі карагоды, а людзі старэйшага пакалення хорам спявалі хіты сваёй маладосці. Не абышлі ўвагай нядаўніх імяніннікаў і былых работнікаў установаў – пажаданні прагучалі ад калектыву дзіцячага сада.

 

За кубачкам чаю ў новаяльнянцаў была магчымасць пагутарыць, абмяняцца навінамі і віншаваннямі, узгадаць мінулае, адным словам, разам правесці час цёпла, шчыра, ад усёй душы.

Трохі пазней свята “завітала” яшчэ і на адрасы тых, хто не змог прыйсці ў Дом культуры: да Любові Пашкоўскай, Таісіі Гірэль, Ніны Голікавай.

Падобныя мерапрыемствы адбыліся і ў іншых сельскіх саветах.

Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК і арганізатараў