Афганістан: памяць мужных

Грамадства Свежыя навіны

30 гадоў таму савецкія салдаты пакінулі зямлю Афганістана. Юбілейнай даце і ўшанаванню воінаў-афганцаў прысвечаны сустрэчы, якія праходзяць на Дзятлаўшчыне. Адна з іх ладзілася ў Гезгалаўскай сярэдняй школе.

Святочную праграму падрыхтавалі артысты Гезгалаўскага дома культуры і навучэнцы ўстановы.

Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец уручыў памятныя ўзнагароды – медалі “30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана” жыхарам аграгарадка, якія былі ўдзельнікамі той вайны – Вячаславу Касенюку і Віктару Каско, такі ж медаль будзе ўручаны Мікалаю Булаўко, які не змог прысутнічаць на мерапрыемстве.

Былыя салдаты не любяць узгадваць свае “афганскія гады”, тым не менш, юныя жыхары аграгарадка даведаліся і расказалі са школьнай сцэны асноўныя факты іх асабістых гісторый, звязаныя з выкананнем інтэрнацыянальнага абавязку.

Бітвы завяршаюцца, а гісторыя застаецца. У нашых сэрцах будзе жыць памяць пра землякоў, якія прайшлі дарогамі Афганскай вайны.

Ірына СТЫРНІК