Вы шуміце, бярозы…

Важнае Грамадства

У вёсцы Міроўшчына з’явіўся бярозавы гай. Яго высадзілі работнікі Цэнтра па забеспячэнні бюджэтных і іншых арганізацый.

– Будынак вучэбна-вытворчага комплексу і клуба, які раней знаходзіўся тут, 16 разоў выстаўляўся на аўкцыён, але безвынікова. У апошнія гады ён знаходзіўся ў аварыйным стане і прадстаўляў пагрозу для жыцця людзей, найперш дзяцей, якія гуляюць у парку, – расказала дырэктар установы Святлана Панасюк. – Сёлета будынак ліквідавалі, а на пляцоўцы, якая засталася, вырашана было пасадзіць дрэвы. Праз пару гадоў яны вырастуць у сапраўдны парк, які, спадзяюся, стане месцам адпачынку. Магчыма, усталюем лавачкі ў гэтым месцы.

Каб пасадзіць 20 бярозак і каля 10 сосен, прадастаўленых Дзятлаўскім лясгасам, калектыў арганізацыі правёў грунтоўную падрыхтоўчую работу.

– Прыбралі з участка будаўнічае смецце, якое засталося пасля дэмантажу будынка, камяні, прывезлі з сабой чарназём і ваду, каб саджанцы лепш укараніліся на пясчанай глебе, – паведаміла намеснік кіраўніка цэнтра Ірына Іваноўская. – Рада, што ў Міроўшчыне будуць расці нашы бярозкі. Сімвалічна папрацаваць на добраўпарадкаванні нашай малой радзімы напярэдадні Свята працы.