Хто стаў генеральным сакратаром аб’яднання?

Грамадства Свежыя навіны

Як расказала старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, сёлетні верасень для грамадскага аб’яднання выдаўся багаты на падзеі: яно адсвяткавала 100-гадовы юбілей дзейнасці, адбыўся 15-ы справаздачна-выбарчы з’езд.

Удзел у з’ездзе прынялі 120 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Разгледзелі 11 пытанняў, у тым ліку падвялі вынікі дзейнасці арганізацыі за 2016-2020 гады, зацвердзілі новую рэдакцыю статута і стратэгіі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа на 2022-2025 гады. Адбыліся выбары прэзідыума і генеральнага сакратара аб’яднання: прэзідыум узначаліў Дзмітрый Чараднічэнка, генеральным сакратаром абраны Дзмітрый Шаўцоў (абодва – вядомыя сталічныя медыкі).

Аб чым нагадаюць рабінкі?

У рамках святкавання 100-гадовага юбілею з дня заснавання Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ў нашай рэспубліцы праходзіць акцыя “ПРО 100 дапамагаем”.

У яе ўключылася і Дзятлаўская раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа. Маладыя валанцёры Гезгалаўскай сярэдняй школы вырашылі падарыць радасць людзям “залатога ўзросту” і ўпрыгожыць зялёнымі насаджэннямі тэрыторыю дома сумеснага самастойнага пражывання для пажылых людзей і інвалідаў, які знаходзіцца ў аграгарадку.

Для гэтага навучэнцы выбралі маладзенькія рабінавыя дрэўцы. Рабінавая алея, высаджаная каля сацыяльнага аб’екта, будзе радаваць яго насельнікаў буйной квеценню вясной і яркімі чырвонымі гронкамі з восені да самых маразоў.

У Раготне “дадуць бой” вірусу

На базе цэнтральнай раённай бальніцы з удзелам галоўнага доктара Алега Анцуха і старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Наталлі Талкачовай прайшло абмеркаванне валанцёрскага праекта “Вакцынацыя супраць COVID-19 (пачатковы этап)”. На сустрэчы таксама прысутнічалі галоўны доктар райЦГЭ Алена Шайбак, намеснік галоўнага доктара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе ЦРБ Таццяна Свіб, галоўная медыцынская сястра ЦРБ Ілона Белавус. Праект скіраваны на барацьбу з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі і прадугледжвае актывізацыю кампаніі па вакцынацыі пажылых землякоў з аддаленых вёсак і аказанне ім валанцёрскай дапамогі. Як расказала старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, на базе Раготнаўскай амбулаторыі плануецца стварыць пункт вакцынацыі і арганізаваць да яго падвоз вяскоўцаў.

Таксама ў рамках сустрэчы ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна супрацоўніца абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Алена Паўлянковіч правяла майстар-клас для дзятлаўскіх валанцёраў па аказанні першай дапамогі, расказалі ім, як суправаджаць інвалідаў, абараняць сябе ад каранавіруснай інфекцыі, і раздала тэматычныя буклеты.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga