Патэнцыял ёсць, важна, каб быў энтузіязм

Важнае Спорт і турызм

Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча прайшло пасяджэнне раённага міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме.

Урачыстае адкрыццё водна-пешаходнага тура № 492 “Ад цара да самавара” анансавала спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. Расказала, што ў 2022 годзе ён стаў лідарам намінацыі “Лепшы інтэрактыўны маршрут Гродзенскай вобласці” аднайменнага абласнога конкурсу. Ужо заканчваецца работа па маркіроўцы, для чаго набыты 20 знакаў навігацыі, ажыццяўляецца калькуляцыя. Інфармацыйна-навігацыйная частка маршруту гатова, цяпер скіраваць увагу трэба на пад’язныя шляхі і навядзенне парадку.

Кіраўнік спраў Дварэцкага сельвыканкама Ірына Ганчар расказала аб ходзе добраўпарадкавання аб’ектаў турыстычнага паказу і шляхоў доступу да іх на тэрыторыі сельсавета. Абазначыла, што самымі праблемнымі па складанасці работ з’яўляюцца руіны млына, дзе растуць аварыйныя таполі, часткова дрэвы ўжо выдалены, для спілоўвання астатніх патрэбны спецыялісты. Паколькі падыход да гэтага аб’екта загароджаны, прапрацоўваецца пытанне ўсталявання веснічак для пешаходаў.

Таксама абмеркавалі меры, якія прымаюцца для развіцця прамысловага турызму, спыніўшыся на адным з найбольш прывабных для гасцей прадпрыемстве нашага раёна – ААТ “Дварэцкі льнозавод”. Галоўны інжынер завода Алег Жыдко адзначыў, што вытворчасць тут пажаранебяспечная і гэта стварае пэўныя цяжкасці пры рабоце з турыстамі, таму патрабуюцца асаблівыя меры перасцярогі. Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская падкрэсліла, што льнозавод перапрацоўвае нацыянальны прадукт – беларускі лён і такая вытворчасць цікавая для людзей, таму ўсе праблемныя пытанні будуць узгадняцца і вырашацца. Тэму дапоўніла Наталля Калодка, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што дзейнасць у сферы прамысловага турызму дакладна рэгламентавана і нацыянальным агенцтвам па турызме Рэспублікі Беларусь, распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, неабходна толькі скласці і зацвердзіць лакальную дакументацыю, выконваць нескладаныя патрабаванні па прыёме турыстаў, і пры правільным падыходзе працэс пачне прыносіць заводу дадатковыя грошы.

Як арганізавана рэкламна-інфармацыйная кампанія па папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу Дзятлаўшчыны, расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, кіраўнік рабочай групы па забеспячэнні інфармацыйнай часткі турызму ў сетцы Інтэрнэт Вольга Рагачова. Падкрэсліла, што для гэтага выкарыстоўваюцца як магчымасці інтэрнэт-прасторы, так і раённай газеты “Перамога”, запрашаюцца журналісты абласнога і рэспубліканскіх выданняў.

– Гістарычная спадчына дварэцкіх і новаяльнянскіх мясцін, Дзятлаўшчыны ўцэлым, карысная для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, якое варта пачынаць менавіта са знаёмства з адметнасцямі малой радзімы, – адзначыў Ігар Кухарэвіч.

Наступны блок інфармацыі тычыўся работы па развіцці фізічнай культуры і спорту на Дзятлаўшчыне. Больш падрабязна пра гэта расказаў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда, судакладчыкамі выступілі дырэктары Дзятлаўскай ДЮСШ Святлана Лагута і раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка. Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Пазняк прааналізавала, наколькі эфектыўна выкарыстоўваюцца фізкультурна-спартыўныя збудаванні, ці запатрабаваны гурткі і секцыі спартыўнай скіраванасці.

Ігар Кухарэвіч заўважыў, што, нягледзячы на штогадовыя яркія перамогі раённай каманды “Алмаз” у рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія дасягнуты, дзякуючы асабістаму энтузіязму трэнераў Дзмітрыя Ёды і Аляксея Петрыкевіча, на паспяховыя выступленні дзятлаўчан у “Бітве пляцовак” і развіццё футболу, дзякуючы намаганням Уладзіміра Ганчара, у многіх іншых спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню, выніковасць удзелу зніжаецца, як і колькасць выпускнікоў раёна, якія паступаюць у профільныя ВНУ, змяншаецца і спартыўны рэзерв. Гэта сведчыць аб тым, што не ўсе спецыялісты на месцах працуюць з поўнай аддачай: патэнцыял у раёна ёсць, важна, каб быў яшчэ і энтузіязм.

Ірына СТЫРНІК



Теги: