Жыццё жанчыне дадзена на добрыя справы

Грамадства Свежыя навіны

Жанчына і мастацтва – паняцці непадзельныя, бо ва ўсе часы жаночыя вобразы натхнялі пісьменнікаў і мастакоў, музыкантаў і рэжысёраў, шмат цудоўных твораў з’явілася менавіта дзякуючы каханню.

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня калектывы сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава і аддзела адукацыі райвыканкама сумесна з супрацоўнікамі гісторыка-краязнаўчага музея арганізавалі святочнае мерапрыемства для тых жанчын, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Ушанаванне і ўрачыстае віншаванне матуляў з замяшчальных сем’яў стала традыцыйнай штогадовай сумеснай урачыстасцю. У гэтым годзе яна набыла новы фармат: у музеі для іх была арганізавана экскурсія па экспазіцыях. Госці змаглі азнаёміцца з творамі нашых землякоў: вышыванкамі майстроў Дзятлаўшчыны, скульптурамі Мікалая Несцярэўскага, карцінамі братоў Юрыя і Івана Козелаў. З творчасцю аўтараў і старонкамі іх біяграфій прысутных азнаёміла дырэктар музея Вольга Цюшляева.

Пасля экскурсіі за круглым сталом аб уласных талентах і здольнасцях прыёмных дзяцей расказала Ніна Млынарчык.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская і дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ала Жэгалік падзякавалі замяшчальным матулям за пяшчоту, клопат, увагу і здольнасць аддаваць сваё цяпло прыёмным дзецям, павіншавалі іх з жаночым святам.

Напрыканцы сустрэчы ад прафсаюзнай пярвічкі аддзела адукацыі райвыканкама і Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” прыёмным мамам і мамам-выхавальніцам з найлепшымі пажаданнямі былі ўручаны сувеніры.

Для выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу перадалі падарункі ад Гродзенскага абласнога аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд”.

Марына СЕРБІН,
сацыяльны педагог СПЦ горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga