Асаблівы кантынгент

Важнае Грамадства

Чарговае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, якое адбылося ў Казлоўшчынскім сельвыканкаме, зноў сабрала ў сваім коле аматараў учыняць сямейныя скандалы, грамадзян, схільных да супрацьпраўных паводзінаў, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і ў большасці сваёй не жадаюць працаваць.

Дапамагчы ім стаць на шлях выпраўлення імкнуцца падчас дадзеных сустрэч члены савета. Так адбылося і ў гэты раз, праўда, перш з гэтымі людзьмі начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль правёў прафілактычную гутарку, завастрыўшы ўвагу на фактах, якія прыводзяць мясцовых жыхароў да здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў. Дарэчы, у дачыненні да двух чалавек тут жа ў зале пасяджэння былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

– Ва ўсіх грамадзян, запрошаных на пасяджэнне савета, розныя жыццёвыя сітуацыі, аднак бяда ў іх адна – алкаголь. Трапілі яны ў яе па ўласнай волі. Пры гэтым некаторыя з іх, на жаль, не жадаюць змяніць свой свет да лепшага, – падкрэсліў старшы ўчастковы інспектар Віктар Лазута.

Адсутнасць пастаяннай работы, адпаведна, стабільнага даходу – таксама адзін з фактараў частых прававых праступкаў. У Казлоўшчынскім сельвыканкаме пайшлі па прынцыпе комплекснага падыходу ў рабоце з праблемнымі жыхарамі. На пасяджэнне савета запрасілі не толькі службы прафілактыкі, але і галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыну Падгайскую, працадаўцаў: Віктара Адамчыка, дырэктара КУП “Дзятлаўскае ПМС”; Ігара Ціхана, дырэктара Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў; Васілія Гулевіча з прыватнага прадпрыемства “ПАНЭКСПА”.

З 12 прысутных 8 чалавек атрымалі рэальныя прапановы працаўладкавання.

– Мы ўважліва адносімся да тых, хто прыходзіць на савет грамадскага пункта аховы правапарадку па дапамогу. Часта людзі проста не ведаюць, што рабіць, каб выблытацца са складанай сітуацыі, у якой апынуліся. Як паказвае практыка, прыклады, калі чалавек усё ж такі браўся за розум і ў корані мяняў свой лад жыцця, ёсць. А мне, як старшыні сельвыканкама, дэпутату, чалавеку, неабыякаваму да жыцця свайго сельскага савета, хочацца верыць, што пасля сённяшняй сустрэчы, тым больш што актыўна праявілі сябе працадаўцы, гэтыя людзі сур’ёзна задумаюцца аб уласнай будучыні і будучыні сваіх дзяцей, – падрахункаваў старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка.

Ірына КАМАРОВА
Фота прадастаўлена Казлоўшчынскім сельвыканкамам

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: