Не здзіўляйся, вадзіцель, або навінкі на дарогах

Важнае Да ведама грамадзян

Днямі ў чат-бот аднаго з рэспубліканскіх інтэрнэт-рэсурсаў прыйшло паведамленне з фотаздымкам, у якім чытач звяртае ўвагу на знак дадатковай інфармацыі (таблічку) у выглядзе паўмесяца.

“Можа, я памыляюся, не ўважліва прачытаў ПДР. Але як вадзіцель павінен паступаць у дадзенай сітуацыі, калі такі дарожны знак у ПДР не існуе?! Усе дарожныя знакі павінны адпавядаць СТБ 1140-2013 і быць узгоднены з ДАІ”, – адзначыў у паведамленні чытач.

Мне стала цікава, а вадзіцелі-дзятлаўчане ведаюць, як выглядаюць новыя знакі і таблічкі, якія ўстанаўліваюць на дарогах Беларусі з 27 кастрычніка 2022 года, пасля ўступлення ў сілу новай рэдакцыі правілаў дарожнага руху?

Знаёмцеся. Так выглядаюць таблічкі “Светлы час сутак”, “Цёмны час сутак”, “Зімовы перыяд”. Іх устанаўліваюць з 1 лістапада па 31 сакавіка ўключна.

З’явіліся таблічкі “Усе ТС, акрамя веласіпедаў”, “Усе ТС, акрамя электрамабіляў”, “Электрамабілі”, знак “Станцыя для зарадкі электрамабіляў”.

Афіцыйна замацавалі знак “Веласіпедная і пешаходная дарожкі”, які выкарыстоўваўся ўсе гэтыя гады ў якасці эксперыментальнага. Такія дарожкі размежаваны канструктыўна або разметкай. Калі на падобным знаку зверху веласіпед – ён тут галоўны, пешаходы і самакаты таксама могуць рухацца (пры адсутнасці тратуара), але не павінны ствараць перашкоды. Тое ж правіла дзейнічае наадварот, калі зверху на знаку намаляваны пешаход. Яшчэ пару новых знакаў: “Дарога з веласіпеднай дарожкай”, выезд на яе і яе канец, “Веласіпедны пераезд”.

А гэта “Зона з абмежаваннем максімальнай хуткасці руху” і “Канец зоны абмежавання максімальнай хуткасці руху” – там забаронены рух з хуткасцю, якая перавышае вызначаную на знаку. Яшчэ адзін новы знак – “Рух на сродках персанальнай мабільнасці забаронены”. Сродкі персанальнай мабільнасці – гэта электрасамакаты, гіраскутары, сегвеі і іншыя падобныя транспартныя сродкі.

Знакі “Кантроль устаноўленай хуткасці”, “Пачатак і канец участка кантролю сярэдняй хуткасці” ўстанаўліваюць сумесна са знакам “Абмежаванне максімальнай хуткасці”. “Кантроль выканання патрабаванняў ПДР” – гэта пра фотафіксацыю камерамі ўсяго магчымага, акрамя хуткасці.

Дарэчы, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях ужо дазваляе караць за любое вадзіцельскае парушэнне, зафіксаванае на камеру.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga